У Брэсцкім раёне 18 красавіка паводкавымі водамі падтоплены адзін жылы дом, 11 падворкаў, 13 гаспадарчых пабудоў у вёсцы Прылукі, а таксама тры падворкі і адна гаспадарчая пабудова ў вёсцы Вольха.

Як паведаміў прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, у вёскі Прылукі для аказання ў выпадку неабходнасці дапамогі насельніцтву арганізавана дзяжурства падраздзялення МНС з плаўсродкамі.

Ад пачатку паводкі вада ў Заходнім Бугу паднялася на 3 метры, і 17 красавіка яе ўзровень дасягнуў 499 см (пры небяспечным 350 см). Паводле звестак гідрапосту Уладава, 18 красавіка ўзровень вады ў рацэ пачаў зніжацца. 19 красавіка зніжэнне павінна пачацца і ў раёне вёсак пад Брэстам.

На 20 гадзін 18 красавіка падтопленымі застаюцца 86 падворкаў і 83 гаспадарчыя пабудовы ў 18 населеных пунктах Пінскага раёна; адзін дом, шэсць гаспадарчых пабудоў, 114 падворкаў у васьмі населеных пунктах Столінскага; два жылыя дамы, 22 гаспадарчых пабудовы, 35 падворкаў у двух населеных пунктах Лунінецкага (адселена тры чалавекі).

У Брэсцкім раёне, акрамя Прылукаў і Вольхі, паводка закранула вёску Неплі (30 гаспадарчых пабудоў).

Вёска Прылукі раней месцілася на высокім беразе Буга. У 1939 і паўторна ў 1945 гадах яе выселілі далей ад ракі ў сувязі з правядзеннем мяжы Савецкага Саюза. Цяпер яна месціцца каля чыгункі Брэст-Уладава. Паводкі трывожылі прыбужскія ўсе вякі, але іх жыхары ўсё адно трымаліся ўрадлівых прырэчных земляў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?