Чарговы міжнародны аўтасалон «Мотаршоу» пройдзе 23–28 мая на «Мінск-Арэне». Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 22 красавіка генеральны дырэктар кампаніі «Рэмарк», якая выступае арганізатарам выставы, Дзмітрый Ярота.

Паводле яго слоў, рашэнне аб пераездзе на новую пляцоўку прынята ў сувязі з тым, што колькасць удзельнікаў пастаянна расце і, як вынік, расце патрэба ў выставачных плошчах. Правядзенне аўтасалона на «Мінск-Арэне» дазволіць усім удзельнікам выставы максімальна эфектна прэзентаваць навінкі сусветнага аўтабізнэсу, а наведнікі змогуць не толькі разгледзець экспазіцыю ў камфортных умовах, але і зручна прыпаркаваць сваё аўто на трохузроўневым паркінгу комплексу.

Графік працы салона застаўся нязменным: у першы VIP-дзень, 23 мая, ад 11.00 да 19.00, у наступныя дні — ад 10.00 да 21.00. Папярэдні продаж квіткоў стартуе з 1 мая ў цэнтрах «Белтэлекама» па ўсёй краіне. Цана квітка ў папярэднім продажы складзе 50 тыс. рублёў, у дні правядзення выставы — 80 тыс., на VIP-дзень — 200 тыс. рублёў. Дзецям да васьмі гадоў — уваход бясплатны.

На выставе будзе прадстаўлены брэнд-легенда Jaguar, продажы якога ў Беларусі стартуюць практычна адначасова з «Мотаршоу».
Чакаецца прэзентацыя Jaguar F-tуpe — аднаго з дзесяці аўтамабіляў, якія едуць на рынак Расіі, Беларусі і Казахстана. Упершыню ўбачаць наведнікі знакамітую аўтамабільную марку Maserati — унікальны ў аздабленні і зборцы італьянскі аўтамабіль, рухавік якога збіраецца ўручную.

Брытанскі Mini, які таксама паўстане на выставе ў Беларусі ўпершыню, — адзін з прэтэндэнтаў на тытул «аўтамабіль ХХ стагоддзя». Сёння гэтая марка ўваходзіць у канцэрн BMW і атаясамліваецца з нямецкім аўтамабілебудаваннем. На «Мотаршоу» Mini будзе прадстаўленая на адным стэндзе з BMW.

Не застанецца без увагі і Geely, зборка якога стартавала ў Барысаве.
Для многіх сустрэча з гэтым беларуска-кітайскім аўтамабілем стане першай — продаж аўтамабіля пакуль не пачаўся.
Як паведаміў Дзмітрый Ярота, кожную гадзіну на выставе будуць разыгрывацца планшэты iPad, а таксама швейцарскі гадзіннік Swatch.
«Мотаршоу» прадставіць увазе публікі прэзентацыі, шоу, віктарыны і конкурсы, удзел у якіх можна браць на працягу ўсяго дня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?