Міхаіл Шарамет быў вялікім аматарам паходаў.

Міхаіл Шарамет быў вялікім аматарам паходаў.

Сябры Міхала Шарамета расказалі, што прычынай ягонай смерці стала атручванне раслінай цыкутай.
Міхаіл быў заўзяты турыст. На гэты раз у складзе турыстычнай групы з сямі чалавек ён быў у байдарачным паходзе на Нарачанскіх азёрах.

Ад юнацтва Шарамет захапляўся вандроўкамі, удзельнічаў у спартова-патрыятычных арганізацыях моладзі. Яго цікавіла экстрэмальнае выжыванне, гэтаму ён вучыў і моладзь у паходах.

Здаралася, ён еў лісцікі й карэньчыкі. Імаверна, гэтым разам ён зблытаў калівы цыкуты з пажыўнай раслінай сямейства парасонавых — сніткай.
У Мядзельскім РАУС «Нашай Ніве» пацвердзілі, што выпадак атручвання цыкутай быў зафіксаваны.
У Шарамета засталіся жонка і чатырохгадовы сын Алесь.
Спачуванні ўдаве Міхала, рэдактарцы сайта Tut.by Алёне Андрэевай-Шарамет, учора выказаў былы старшыня Маладога Фронту, палітзняволены Павел Севярынец.
«Міхал Шарамет трэніраваў маладафронтаўскую дружыну, часта ездзіў на вышкалы, — расказвае Севярынец.
— Ён у свой час заснаваў спартова-патрыятычную арганізацыю «Ваяр» пры Маладым фронце. Маўклівы, але талковы хлопец. Ахоўваў парадак, слухаліся яго ўсе. Відаць, наблытаў нешта, не тое з’еў…»
У Малады фронт Шарамет прыйшоў школьнікам напрыканцы 1990-х.
Гэтага бялявага хлопца з адкрытым тварам памятаюць многія ўдзельнікі маніфестацый той пары. У 2004 годзе, пасля таго як МФ раздзяліўся на фракцыі, якія часам бурна супернічалі між сабой. Шарамет стварыў новую моладзевую арганізацыю арганізацыю пад назвай «Вольная моладзь». Па словах тагачаснага МФаўца Цімоха Дранчука, яна «мела спартова-патрыятычную накіраванасць і была блізкай па поглядах Маладога фронту». Арганізацыя не стала шматлікай, але брала актыўны ўдзел у Плошчы 2006 года. Яе сябры збіралі подпісы за Алеся Міхалевіча падчас прэзідэнтскай кампаніі 2010 года. Суполкі «Вольнай моладзі» Укантакце не абнаўляліся ўжо працяглы час, а сайт арганізацыі не працуе.

Вядома, што Шарамета затрымлівалі падчас Джынсавага фэсту 2006 года, а таксама паводле справы аб выбуху 3 ліпеня 2008 года — тады спецслужбы масава хапала актывістаў дзейных і былых вайскова-патрыятычных суполак.

Працаваў Шарамет у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. Ён увогуле заўжды любіў экстрым: нават бел-чырвона-белыя сцягі вывешваў на самых недаступных месцах.
«Міхаіл быў добры і ўпарты хлопец, і калі многія абмяркоўвалі, ён рабіў. Яго гібель — сапраўды вялікая страта», — сказаў «Нашай Ніве» Цімох Дранчук.
Па-беларуску цыкуту ядавiтую называюць яшчэ «вixaг шалей».
Гэта надзвычай атрутная расліна, якая шырока распаўсюджана амаль ва ўсім свеце. Таксічнымі з’яўляюцца ўсе часткі расліны, але найбольшая канцэнтрацыя яду цыкутаксіну назіраецца ў карэнні. Дадатковую небяспеку стварае тое, што цыкута мае прыемны пах морквы, а атрутнае карэнне на смак нагадвае бручку ці рэдзьку.

Згодна з легендай лічылася, што грэчаскі філосаф Сакрат быў пакараны прыняццем соку цыкуты.

Супраць яе няма проціяддзя, расказвае старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Аркадзь Скуратовіч:
«У Беларусі ёсць дзве смяротныя расліны — гэта цыкута і балігалоў. Дзейнічаюць яны вельмі падобна, паражаюць цэнтральную нервовую сістэму. Расце цыкута ля вады: на рэках, балотах, ручаях. Яна ўся атрутная: і лісце, і карэнне. Па каранях яе і адрозніваюць. У яе вельмі вялікае, з кулак, карнявішча. Калі разрэзаць, то там будзе як 5-7 асобных пустых камер. А так яна вельмі мала адрозніваецца ад іншых раслін сямейства парасонавых.
Ёсць іншыя атрутная расліны, але яны выклікаюць толькі галаўны боль, дыярэю, а тут дастаткова з’есці два-тры лісточкі, каб загінуць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?