Пра гэта паведаміў намеснік начальніка дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Мікалай Цыбулька 23 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яго слоў, гэта прадугледжана канцэпцыяй праграмы сумеснай дзейнасці па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС у межах Саюзнай дзяржавы, якая разлічана на 2013—2016 гады.Неабходнасць уніфікацыі норм утрымання радыенуклідаў тлумачыцца тым, што краіны ўваходзяць у Мытны саюз.
Як адзначыў Цыбулька, за аснову плануецца ўзяць нарматывы, якія дзейнічаюць у Беларусі, — больш жорсткія, чым расійскія. Так, калі нарматывы па ўтрыманні цэзію ў асноўных прадуктах у Беларусі і Расіі галоўным чынам аднолькавыя, то па ўтрыманні стронцыю ў Расіі нарматывы «значна мякчэйшыя», растлумачыў ён.Так, у Расіі дапускаецца ўтрыманне 25 Бк/кг стронцыю ў хлебе і малацэ, 20 Бк/кг — у дзіцячым харчаванні, тады як у Беларусі межавыя дапушчальныя нормы складаюць 3,7 Бк/кг стронцыю ў хлебе і малацэ, 1,85 Бк/кг — у дзіцячым харчаванні. Такім чынам, калі для ўнутранага рынку беларускія прадпрыемствы выпускаюць прадукцыю, прытрымліваючыся больш жорсткіх норм, то ў межах Мытнага саюза рэалізуецца прадукцыя і з больш высокім утрыманнем стронцыю. «Мы робім больш жорсткімі нарматывы. Прадукцыя будзе значна чысцейшая — у 10 раз па малацэ і хлебе», — сказаў Цыбулька.
У канцэпцыі новай саюзнай праграмы, якую плануецца прыняць найбліжэйшым часам, вялікая ўвага нададзена медыцынскаму забеспячэнню насельніцтва на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.«Плануем звярнуць сур'ёзную ўвагу на дзіцячыя аздараўленчыя рэабілітацыйныя цэнтры», — сказаў прадстаўнік МНС. Паводле яго слоў, дзевяць з 13 існых цэнтраў патрабуюць сур'ёзнага паляпшэння ўмоў.
Мяркуецца таксама ўніфікацыя навукова-метадычнай базы па арганізацыі сельгасвытворчасцяў, развіцці лясной гаспадаркі.Прадугледжаны супрацьпажарныя мерапрыемствы на пацярпелых тэрыторыях, асабліва ў Бранскай вобласці Расіі і Гомельскай вобласці Украіны. Акрамя таго, запланаваны мерапрыемствы па інфармаванні насельніцтва, яго сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі.
Як паведаміў Цыбулька, запланаваны бюджэт саюзнай праграмы складае 1 млрд. 200 млн. расійскіх рублёў, з іх 46% выдзеліць Беларусь.