Прыкладна 40 тысяч гектараў зямель, якія не выкарыстоўваюцца пасля аварыі на ЧАЭС, можа быць уведзена ў гаспадарчы абарот

Пра гэта паведаміў намеснік начальніка дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Мікалай Цыбулька 23 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, да такой высновы прыйшлі вучоныя рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут радыялогіі» паводле вынікаў інвентарызацыі больш як 240 тыс. га зямель, якія пасля аварыі на ЧАЭС былі выведзены з сельскагаспадарчага абароту і дагэтуль не выкарыстоўваюцца. Землі, што разглядаюцца для ўводу ў гаспадарчы абарот, галоўным чынам знаходзяцца ў поймах рэк. Таму перавага будзе аддавацца арганізацыі на іх пашы, а не выкарыстанню пад раллю. Перад прыняццем рашэння аб увядзенні ў гаспадарчы абарот тэрыторыі яшчэ трэба абследаваць на ўтрыманне радыенуклідаў.

Як адзначыў Цыбулька, інвентарызацыя пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС зямель паказала не толькі частковае самаачышчэнне гэтых тэрыторый у выніку распаду радыенуклідаў — на гэтых землях выраслі кусты і купіны, пагоршыўся іх культуртэхнічны стану. Многія з выведзеных зямель раней былі меліяраваны, і сёння меліярацыйная сетка там састарэлая. «На некаторых землях адбылося забалочванне або падтапленне, гэта значыць пагаршэнне меліярацыйнага стану», — сказаў прадстаўнік дэпартамента.

Паводле яго інфармацыі, першапачаткова з сельскагаспадарчага абароту пасля катастрофы было выведзена 264 тыс. га зямель. Пасля з-за натуральных працэсаў ачышчэння зямель у сувязі з распадам радыенуклідаў у гаспадарчы абарот зноў былі ўведзены 17 тыс. га.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?