Размяшчэнне ў Беларусі расійскай авіяцыйнай базы — гэта сродак акупацыі. Так сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі пракаментаваў заяву, зробленую 23 красавіка ў Мінску міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу, пра планы да 2015 года размясціць у Беларусі расійскі авіяполк са знішчальнікамі, паведамляе прэс-служба БХД.

Паводле слоў лідара БХД, «размяшчэнне расійскіх войскаў на беларускай тэрыторыі груба супярэчыць Канстытуцыі, якая замацоўвае статус Беларусі як нейтральнай дзяржавы».
«Застаецца невядомай цана, якую заплаціла Расія за размяшчэнне сваёй базы, але відавочна, што коштам гэтых антынацыянальных рашэнняў сённяшніх уладаў можа стаць незалежнасць Рэспублікі Беларусь», — лічыць ён.
«Расія неаднаразова пацвярджала за апошнія дзесяцігоддзі, што яе базы выступаюць як сродак акупацыі той краіны, на тэрыторыі якой яны знаходзяцца. Вайна ў Грузіі — яскравае сведчанне гэтага», — адзначыў Рымашэўскі.
Ён «катэгарычна супраць гэтых антынацыянальных рашэнняў», якія супярэчаць «нацыянальным інтарэсам і пагражаюць незалежнасці краіны».
Нагадаем, сёння на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік абароннага міністэрства РФ заявіў, што Расія да 2015 года плануе размясціць у Беларусі авіяполк са знішчальнікамі.
«Мы пачынаем разгляд плана па стварэнні тут расійскай авіяцыйнай базы з самалётамі-знішчальнікамі. Спадзяемся, што ў 2015 годзе тут ужо з'явіцца авіяцыйны полк», — перадало словы Шайгу дзяржаўнае агенцтва БелТА. У 2013 годзе мяркуецца стварыць у Беларусі авіяцыйную камендатуру і паставіць першае дзяжурнае звяно баявых знішчальнікаў. «Мы плануем і далей разглядаць пытанні, неабходныя для ўзмацнення абараназдольнасці нашых беларускіх калег і братоў», — сказаў расійскі міністр.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?