З цыклу артыкулаў на сайце Budzma.org.

«Ровар звычайна сніцца маладым людзям, нацэленым на ажыццяўленне нейкай канкрэтнай жыццёвай мэты», — паведамляе соннік. Па-мойму, ровар сніцца ўсім маладым людзям, з жыццёвай мэтай, альбо без яе…
У дзяцінстве мне часта снілася, як я еду на ровары, амаль лячу, быццам я і ровар — адно цэлае. У мяне не было дзіцячага ровару — і падлеткавага не было, бабуля купіла мне адразу дарослы «Дарожны» на выраст. Я не даставаў да педаляў і вучыўся ездзіць «пад раму». Гэта было досыць нязручна, але ў той жа час па нашых дваравых мерках прэстыжна: малы, а ганяе на дарослым веліку. Самым непрыемным было цягаць ровар дахаты на трэці паверх. Мне не хапала росту, каб яго падняць і несці, таму я каціў: угару яшчэ так-сяк, а долу ледзь утрымліваў: «Дарожны» быў цяжкі, нібы матацыкл. Аднойчы я яго не ўтрымаў, ровар паляцеў па сходах і, выбіўшы шкло, завіс у акне. Нейкі час пасля гэтага здарэння я быў у сваім пад’ездзе топавай персонай, нават больш топавай, чым Саша Пірагоў з першага паверха.
Саша Пірагоў меў мянушку «Піра» і быў старэйшым за мяне на год ці два. Піра быў піраманам, але мы не ведалі гэтага слова, і ягоная мянушка — гэта проста містычнае, а мажліва, лёсавызначальнае супадзенне.
Пра Сашу можна было б напісаць асобнае эсэ ці нават зняць фільм. Тата Сашы быў сапраўдным гоншчыкам, ягоныя размаляваныя «Жыгулі» ўпрыгожвалі наш падворак, а група крыві на капоце ненавязліва нашэптвала сваё memento mori. Саша пераняў ад таты залатыя рукі і прагу да рызыкі. Рызыка была ў яго на першым месцы, яму нават не трэба было яе спецыяльна шукаць, яна сама знаходзіла яго на кожным кроку, і Саша аддаваўся ёй напоўніцу. Ён хадзіў спрэс памазаны зялёнкай, з перабінтаванымі пальцамі, часам у гіпсе, але галоўным ягоным подзвігам было тое, што ён праваліўся ў разагрэтую смалу, нават не атрымаўшы пры гэтым сур’ёзных апёкаў. Сведкі кажуць, што ён наўмысна скакаў па застылай паверхні, правяраючы яе на трываласць і вязкасць, ажно пакуль смала не засмактала яго недзе па пояс.
У вольны ад прыгодаў і экстрыму час Саша майстраваў: рабіў прымітыўныя выбуховыя прылады альбо корпаўся са сваім роварам. Ён яго не проста разбіраў і збіраў, а ўвесь час адладжваў і ўдасканальваў.
Урэшце Саша удасканаліў свой ровар так, што той пачаў рухацца задам наперад. Саша так і ездзіў на ім досыць доўгі час, ажно пакуль не навучыўся ездзіць добра. І тады гэта перастала яго цікавіць, бо не было ўжо ані рызыкі ўпасці, ані захаплення малодшых, ані зацікаўленых позіркаў старэйшых. На Сашу пачалі глядзець як на прыдурка, а ён такім не быў — ён вынаходзіў ровар. Пасля свайго эксперыментальнага ровара Саша рабіў і запускаў ракеты — гэта было тады модна. Потым іх сям’я з’ехала, і я не ведаю, куды яго ўрэшце занесла. Занесці Піру магло куды заўгодна, яго ўвесь час некуды заносіла. А я дагэтуль прыгадваю яго самога і ягоны абсурдны ровар, прычым у звязку з зусім іншай тэмай, але пра гэта крыху пазней.
Ровар — вынаходка другой паловы ХІХ стагоддзя. Брытанцы нават назвалі яго найвялікшым тэхнічным вынаходніцтвам двух апошніх стагоддзяў. А па мне, дык неяк нязграбна называць ровар вынаходкай, бо ён нібы сам матэрыялізаваўся з тагачасных ідэй, тэхналогій і стылю жыцця.
Нездарма столькі блытаніны з тым, што называць першым роварам і каго лічыць аўтарам вынаходніцтва. Ровар нон-стоп удасканальваўся і працягвае ўдасканальвацца дагэтуль. Яго залатая часіна — гэта канец ХІХ стагоддзя, менавіта тады ровар найбольш інтэнсіўна мадыфікаваўся, паляпшаючы жыццё сваіх карыстальнікаў і карыстальніц. Хтосьці з феміністак назваў ровар галоўным рэальным здабыткам эмансіпацыі. А згадайце Эйфелеву вежу! Яна праектавалася і будавалася акурат у той самы час, час роварнага буму, дата заканчэння яе будаўніцтва — год 1889. Мне яна заўсёды нагадвала вертыкальны ровар без колаў, калі такое ў прынцыпе мажліва. Дваццатае стагоддзе толькі замацавала пазіцыі ровара, у выніку чаго ён стаўся традыцыяй, неад’емнай часткай краявіду і жыцця наогул. У кожнай краіны свая роварная традыцыя, свой міф, мае іх і Беларусь.
Тут першыя ровары з’явіліся ў 70-я гады пазамінулага стагоддзя, і з тае пары больш ці менш інтэнсіўна множыліся ва ўжытку. На пачатку ХХ стагоддзя ровар — гэта ўжо неад’емная частка беларускага гарадскога краявіду, адзнака пэўнай заможнасці і прагрэсіўнасці.
А вось культурніцкім маркёрам ровар стаўся пазней, пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы і наступнага падзелу Беларусі на Усходнюю і Заходнюю. Ва Усходняй Беларусі ровараў было мала, збольшага ў гарадах, успрымаліся яны пераважна як службовая адзнака альбо спартовая прылада, у Заходняй ровар паступова робіцца паўсюдным і штодзённым транспартным сродкам. Кожны ведае ганарлівае даваеннае «wojsko polskie na rowerach», якое пасля 39-га сталася тэмай для кпінаў у адрас пераможанай краіны-суседкі. Што да цывільных жыхароў Заходняе Беларусі, то ровар заставаўся ў іх папулярным транспартным сродкам і пасля вайны, застаецца ён такім і ў наш час. У выніку ровар (веласіпед) стаўся адным з маркёраў адрознасці нашага Захаду і нашага Усходу. Нават на моўным узроўні.
Нашае (і расейскае) слова «веласіпед» паходзіць з французскай і з’явілася ў царскай Расіі амаль адразу з першымі педальнымі самакатамі. Нашае (і польскае) слова «ровар» з’явілася пазней, яно паходзіць ад назвы папулярнай у міжваенны час мадэлі вытворчасці ангельскай фірмы Rover.
У Заходняй Беларусі ездзілі на роварах розных замежных фірмаў, але на пачатку 30-х гадоў у Гародні пачаўся выпуск ровараў уласнай канструкцыі, якіх ў 1936-м годзе выпускаецца 10000 штук за год. Гарадзенскі ровар называўся «Нёман», мадэль спалучала розныя еўрапейскія распрацоўкі і фарбавалася ў фірмовы чорны колер. Дзейнасць прадпрыемства спынілася ў 1939-м і больш ніколі не ўзнаўлялася. Будынак легендарнай фабрыкі пачалі руйнаваць некалькі гадоў таму, што з ім цяпер, я не ведаю. Мінскія ровары пачалі выпускацца ў 1947-м на базе вывезенага па вайне завода з нямецкага горада Цшопау, таго самага завода, які рабіў для вермахта матацыкл RT125. Першая мадэль Мінскага мотавелазавода, мажліва, праз нямецкія карані называлася па-вайсковаму каротка: В-16.
Мой фарбаваны ў чорнае «Дарожны» таксама меў у сабе нешта ад вайсковай тэхнікі. Я не ведаў тады ўсёй ягонай гісторыі, але аднойчы ўзяў і размаляваў пад камуфляж: шэры і шэра-зялёны.
Я тады ўжо вучыўся ў Мастацкай вучэльні і ўсё перафарбоўваў — кашулі, цішоткі, ровар. На камуфляжным ровары ездзіць было прыемна, але складана — спыняла міліцыя. Спыняла і адпускала, бо прычапіцца не было да чаго, яны нават не ведалі, што спытаць. «А гэта… А чаго ён у плямы?…» — і ўсё! У прынцыпе, я займаўся тым самым, чым некалі займаўся мой сусед Саша. Я калі і не вынаходзіў свой ровар тэхнічна, то змяняў ягоны вобраз. Карацей, таксама займаўся творчасцю і публічным мастацтвам. Цяпер я гэта ведаю. А фраза «вынаходніцтва ровара» цалкам адпавядае таму, чым займалася мастацтва пачынаючы ад таго самага ХІХ стагоддзя. На працягу ХІХ стагоддзя творцы адаптавалі да сваіх патрэбаў навуковыя вынаходкі, удасканальвалі тэхніку і прыёмы, пераасэнсоўвалі свет, набліжаючы мастацтва да рэальнага жыцця, а мастацкі прадукт — да чалавека, іншымі словамі, удасканальвалі зробленае папярэднікамі, «вынаходзілі ровар».
У мастацтве ХХ стагоддзя творчы пошук і наватарства сталіся не інструментам, а самамэтай.
Мы не заўважылі, як адбылася замена крытэраў, і замест таго, каб рабіць спробы «тлумачыць» і «паляпшаць» свет, мастацтва пачало проста «здзіўляць», вынаходніцтва ровара зрабілася абавязковым, і не важна, рухаецца ён наперад ці так, як некалі ў Сашы Пірагова, — у адваротным кірунку. У прынцыпе, на гэтым усе аналогіі ровара з сучасным мастацтвам канчаюцца ці, лепей сказаць, разыходзяцца ў розныя бакі. За вельмі рэдкімі выключэннямі ровар едзе наперад. У гэтым увесь кайф — ехаць наперад, да мэты, як у сонніку, альбо без яе, проста так, пазіраючы на белы свет. Ровар — гэта рух у чыстым выглядзе, а яшчэ — аўтаномнасць, самадастатковасць, свабода. Трэба толькі круціць педалі… Каб не заваліцца.
Падрабязна пра гісторыю ровара на Беларусі можна прачытаць у кнізе «Гістарычны альбом. Транспарт» Змітра Вайцэховіча, выдавецтва «Камет», Мінск, 2008.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?