Калі б Эндзі Уорхал быў жывы, ён бы змяніў сваю знакамітую прымаўку. Замест таго, каб казаць, што «кожны чалавек мае права на 15 хвілін славы», ён сказаў бы так: «Кожны чалавек вінны 15 хвілін пабыць селебрыці». Зрабіцца «зоркай», прайсціся па чырвоным кіліме ў Канах, пабачыць сабе ў вечаровым выпуску свецкай хронікі — вось яно, сапраўднае сучаснае прачытанне «славы». Само слова «слава», якое асацыюецца з нейкімі састарэлымі штукамі кшталту бронзавых помнікаў ці імён, якімі названыя вуліцы, адступае ў падручнікі па гісторыі. Ну, вось у Напалеона была слава. А Snoop Dogg — селебрыці. Не трэба быць доктарам навук, каб зразумець, што Doggy Dogg круцейшы за Напалеона. Другі некалі скарыў Еўропу, першы колькі ўжо гадоў уладарыць у амерыканскіх чартах. У сучасным заходнім горадзе вуліцы названыя нумарамі, а бронзавыя помнікі абклееныя афішкамі-запрашэннямі на выступы селебрыціз.

Магічны свет гэтых істотаў такі прыцягальны, што нават артыкул у Вікіпедыі [Celebrity] не дае адназначнага адказу, хто такія селебрыці, як імі зрабіцца і, галоўнае, якімі адметнымі рысамі тыя селебрыці вызначаюцца.

Перакладаць слова «celebrity» як «знакамітасць» — значыць, рабіць тую ж памылку, якую робяць людзі, што прылічаюць да свету селебрыціз псіхаў, якія здзейснілі масавае забойства. Селебрыці можа сядзець у турме, як сядзеў за наркотыкі Snoop Dogg. Але не турма робіць селебрыці. І не злачынства: яно вымусіць медыі згадваць тваё прозвішча, забяспечыць табе месца ў вечаровых навінах, але яно не гарантуе таго, што завецца «celebrity’s way of life». «Жыць, як сэлебрыці» — гэта не адбываць пажыццёвае, як той Брэйвік, але бавіць вольны час паміж басейнам і шэзлонгам, чакаючы вечаровай party.

«Celebrity» паходзіць ад ангельскага «celebrate» («святкаваць»). Менавіта на гэтай вясёлкавай канатацыяй базуецца сэнсаўтварэнне гэтага паняцця. Селебрыці — людзі, жыццё якіх праходзіць у атмасферы перманентнага свята.
Што ў сваю чаргу забяспечваецца вялікім багаццем (грошы ім не патрэбныя, а таму не патрэбна і працаваць за грошы). Такім чынам, уладальнікі сучаснай медыя-славы — лайдакі ды абібокі. Трэцяя адметнасць, якую б я вылучыў у чароўным паняцці «celebrity», — недаступнасць, адасобленасць іх свету ад свету «звычайных людзей». Гэта забяспечваецца целаахоўнікамі, асобнымі зонамі пражывання, нават касмічнымі коштамі ежы і напояў у месцах, дзе яны тусуюцца.
Цяпер вернемся да нашай цудоўнай старонкі з яе культурай, што не мае аналагаў у свеце. Ці ёсць у нас селебрыці? Як вы лічыце?

Прынамсі я бачу людзей, якіх паказваюць па тэлевізару. Гэта людзі прыкладна таго ж сацыяльнага складу, як і ў Штатах ці Еўропе (плюс спецыфіка ўласна беларускай сітуацыі). Гэта спартоўцы, акторы, музыкі, інфатэйнеры. Але якія яны, беларускія селебрыці? Звернемся да тых трох адметнасцяў, якія вылучаныя вышэй.

1. Celebrity’s way of life? У Беларусі ёсць некалькі спявачак, у стылі жыцця якіх можна разглядзець прыкметы dolce vita: вялікія будынкі ў мінскіх прадмесцях, адносна добрыя машыны і г. д. Але, што цікава, звычайна ўсе гэтае паходзіць не ўласна ад продажу квіткоў на канцэрты, але, скажам так, з іншых крыніц. Муж-алігарх, багатыя прыхільнікі, пазатворчая дзейнасць і г.д. Сваёй Lady Gaga ў нас няма, бо краіна невялікая (і не багатая). З іншага боку, тыя музыкі, якія жывуць уласна з выступаў, могуць мець звычайную двух-трохпакаёвую хату ў Малінаўцы ці сціплы дамок. Яны не надта «заганяюцца» сваёй зорнасцю. Тое ж тычыцца тэлезорак і актораў. Клубаў, аналагічных тым, у якіх тусяць ЭлЭй Цімберлэйк з Анджалінай Джолі, у Мінску няма. Што цікава, усе сапраўды топавыя клубы ў нас занятыя зусім не селебрыці, а хутчэй буйнымі гандлярамі ды іх рускімі сябрамі.

2. Незацікаўленасць у грашах? Сяргей Дарафееў, які эміграваў ва Украіну і ўладкаваўся там на ТБ, нядаўна з горыччу згадваў тыя даходы, якія меў, пакуль працаваў у Беларусі (а быў жа ці не самым пазнавальным вядоўцам). Акторы, якія вымушаныя здымацца ў трэшавых расійскіх серыялах, музыкі, якія падпрацоўваюць на карпаратывах — вось яна, беларуская «слава»! Мне асабіста згадваецца кранальнае мінулагодняе інтэрв’ю Варашкевіча, фронтмэна «Крамы» з «чорнага спісу», пра тое, як ён грае ў рэстарацыі. Наступныя словы цалкам характарызуюць жыццё беларускіх селебрыці: «У рэстарацыі няма сцэны, музыкі стаяць на адной пляцоўцы з тымі, хто таньчыць. Народ цісне і піхаецца. З меркаванняў бяспекі даводзіцца часам локцямі адбівацца, станавіцца бокам. Мне расказвалі, як аднойчы гітарысту мікрафонам зубы выбілі». Як бачым, ніякай асобнай лайдацкай класы селебрыці ў нас няма: яны працуюць, як просты народ. Ці не аб гэтым, не аб такіх культурных дзеячах некалі марыў Леў Талстой? Эндзі Уорхал, зразумела, застрэліўся б!

3. Недаступнасць, адасобленасць ад суграмадзян? Адзін чалавек, што жыве на Паўднёвым Захадзе, расказаў гісторыю пра рускамоўнага спевака, які нервуе ўсю шматпавярхоўку, ставячы свой джып на дзіцячай пясочніцы. І што ён таму спеваку ўжо аднойчы ледзь не настукаў у рэпу. Вось такая ў нас, бачыце, «адасобленасць»: у «зорак» няма не толькі аховы ці плота з відэаназіраннем, які бароніць прыватнае жыццё, але нават і свайго месца на паркінгу!

Падсумоўваючы, хацеў бы зазначыць: лад жыцця, які вядуць медыйныя асобы, што маглі б быць у нас селебрыці, — нешта выключна добрае. Нашыя «іконы» — людзі, якія рэтранслююць уласнымі паводзінамі і дзейнасцю тое, з чаго складаецца паняцце «сучасная Беларусь», — знаходзяцца сярод нас.
У кавярні за столікам можна пабачыць Лявона Вольскага ці Ўладзіміра Арлова, падысці ў кнігарні пабалакаць з Акудовічам, а на імпрэзе — з Паўлам Харланчуком. Нічога такога няма ў краінах побач, дзе знакамітасці жывуць у сваім «боскім» свеце пад аховай грошаў, шыкоўных аўто ды іншых сацыяльных межаў. Ці не ёсць нашая сітуацыя нагодай для радасці?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?