На падрыхтоўку Алёны Ланской да конкурсу песні «Еўрабачання» спонсары пералічылі два траншы па 2 млрд. рублёў, паведаміў БелаПАН прадзюсар спявачкі Дзмітрый Баранаў.

«Сёлета мы знайшлі спонсара. Гэта вядомы бізнесмен Мікалай Варабей з Наваполацка, гаспадар і кіраўнік кампаніі ТАА «Інтэрсэрвіс» (кампанія займаецца аптовымі пастаўкамі нафты на перапрацоўку і продажам нафтапрадуктаў на беларускім і міжнародным рынках. — БелаПАН.)», — расказаў прадзюсар.

«Нам дапамагаюць група кампаній «ПМІ-груп» і кампанія «Спамаш-груп», якой належыць прадзюсарскі цэнтр «Спамаш» (абедзве кампаніі належаць вядомаму беларускаму бізнесмену Аляксандру Шакуціну, старшыні савета дырэктараў ААТ «Амкадор», намесніку гендырэктара ЗАТ «Праммедінвест». — БелаПАН.). І я вельмі ўдзячны гэтым людзям і іх кампаніям. Таму што дзякуючы іх дапамозе ў нас ёсць магчымасць ездзіць у прома-туры, рабіць пастаноўку нумара, здымаць кліпы і проста займацца творчасцю», — адзначыў Баранаў.

Ён дадаў, што згаданыя 4 млрд. рублёў — яшчэ не ўсе траты, выніковая сума павінна быць «значна большая». «Удзел у конкурсе «Еўрабачанне», як і ў любых іншых міжнародных спартыўных ці культурных спаборніцтвах, нятаннае задавальненне», — канстатаваў Баранаў.

Паводле яго слоў, 250 тыс. даляраў спонсарскіх сродкаў было выдаткавана толькі на прома-прадукцыю. У спісе — прыкладна 50 найменняў, ад тысячы пляшак гарэлкі і такой жа колькасці шакаладак «Алёнка» да флэшак і дэкаратыўнай планеты Solayoh.

«Сёлета ў нас вельмі шмат найменняў прома-прадукцыі, — адзначыў Баранаў. — Бо калі артыст прыязджае на «Еўрабачанне», узнікае вялікая цікавасць не толькі да яго і яго песні, але і да краіны.
Пры дапамозе гэтага конкурсу можна расказваць і пра нашу дзяржаву, пра нашу культуру, гісторыю, нацыянальных таваравытворцаў. Гэта важна і для брэндынгу самой дзяржавы. Таму так і шмат усяго»".

Паводле слоў прадзюсара, рашэнне аб колькасці, найменнях і такім шырокім асартыменце прома-прадукцыі прымалася спонсарамі.

Цяпер спявачка і яе каманда знаходзяцца ў Сербіі, «адточваюць нумар».

«Падрыхтоўка да конкурсу «Еўрабачанне» выйшла на фінішную прамую. Цяпер, і гэта нармальная практыка, мы проста адточваем нумар, — расказаў Баранаў.
— Мы арандуем харэаграфічную залу, у якой стаіць прафесійнае гукаўзмацняльнае абсталяванне, і Алёна разам з бэк-вакалістамі і танцорамі адточвае нумар — так, як гэта ўжо будзе адбывацца на вялікай сцэне ў Мальмё. Чаму ў Сербіі? Таму што з намі працуе сербскі харэограф-пастаноўшчык Зіле-Алекс Райфовіч. Мы працуем такой дружнай інтэрнацыянальнай камандай. Таксама сюды прыехаў бельгійскі аўтар песні Марк Пайлінк. На сцэне з Алёнай будуць знаходзіцца дзве бэк-вакалісткі з Сербіі, два танцоўшчыкі са Славеніі і Германіі і трэці малады чалавек з ПАР, які будзе і на бэку, і на падтанцоўцы».
Сам нумар, паводле яго слоў, будзе прысвечаны планеце любві. «Наш слоган Solayoh — is planet of love, гэта значыць «Салеа — планета любові», — падзяліўся Баранаў. — І агульная ідэя ў тым, што гэта пэўная планета, на якой жывуць добрыя і пазітыўныя людзі.
І Алёна, як пасланка гэтай планеты, прыйшла падзяліцца ідэямі дабра, гуманізму. І вось гэты пазітыў і добразычлівасць, настрой любві яна і хоча перадаць сваёй песняй. Таму на сцэне з'явіцца дыска-шар, які будзе непасрэдна імітаваць гэту планету і з якога будзе выходзіць Алёна. А далей мы ўжо пры дапамозе харэаграфічнай пастаноўкі будзем развіваць нашу ідэю».

28—29 красавіка ў Алёны Ланской у межах прома-тура запланаваны выступленні і інтэрв'ю ў Бельгіі. 30 красавіка спявачка вернецца ў Мінск, дзе будуць праходзіць рэпетыцыі на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады, а 4 мая са сваёй камандай паляціць у Мальмё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?