Складскія запасы беларускай прадукцыі «выраслі значна, але не катастрафічна», заявіў намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка 25 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Шэсцьдзесят восем працэнтаў да сярэднямесячнай вытворчасці — гэта не катастрофа, перавышэнне нашага нарматыву на 17%», — адзначыў намеснік міністра. З пачатку 2013 года складскія запасы павялічыліся на 10,2 трлн. рублёў і дасягнулі 32 трлн. рублёў.

Ёсць некалькі фактараў, звязаных з ростам складскіх запасаў, заявіў Ярашэнка. Сярод іх — уваходжанне Расіі ў СГА і звязанае з гэтым «адкрыццё яе межаў і рост канкурэнцыі», а таксама «агульнае прасяданне знешніх рынкаў».

«На мой погляд, гэта ўсё аб'ектыўныя фактары, яны маюць месца быць. Але мы перадусім павінны разглядаць сітуацыю гледзячы на сябе, з нашага пункта гледжання, эканомікі і канкурэнцыі», — сказаў намеснік міністра.

Ярашэнка таксама адзначыў, што ў перыяд дэвальвацыі нацыянальнай валюты Беларусь «здолела фізічна нарасціць пастаўкі прадукцыі ў Расію, мела магчымасць канкурыраваць па цэнавых фактарах».

«Цяпер эфект дэвальвацыі скончыўся. Перавагі па цане мы ўжо не адчуваем, як тады, калі дэвальвавалі валюту», — канстатаваў ён. Цяпер «узнікае пытанне якасці прадукцыі, па гэтым паказчыку яна павінна быць канкурэнтаздольная», падкрэсліў Ярашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?