Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміла крыніца ў канцэрне. Міхаіл Лузін у «Белэнерга» курыруе пытанні знешнеэканамічнай дзейнасці і інвестыцый, а таксама закупкі тавараў для будаўніцтва «пад ключ».

Яго затрыманне можа быць звязана з расследаваннем крымінальнай справы па зрыву тэрмінаў пастаўкі і ўводу ў эксплуатацыю паратурбіннай ўстаноўкі для Бярозаўскай ДРЭС. Справу расследуе Следчы камітэт Беларусі. Дарэчы, у СК наўпрост затрыманне Еўрарадыё не пацвердзілі, але і не абверглі.

Прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова: «На падставе аналізу атрыманых доказаў, следства мяркуе, што ў дзеяннях службовых асобаў Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь, ААТ «Белэнергазабеспкамплект» і «Белэнерга» ўгледжваецца склад злачынства, прадугледжанага артыкулам 428 Крымінальнага кодэкса Беларусі — службовая халатнасць. Па справе прызнаныя падазраванымі шэраг службовых асоб дзяржаўнага аб'яднання «Белэнерга» і ААТ «Белэнергазабеспкамплект».

На думку следства, неналежнае выкананне службовымі асобамі сваіх абавязкаў прывяло да заключэння дамовы на пастаўку абсталявання з кампаніяй, якая раней паратурбінныя ўстаноўкі заяўленых параметраў не вырабляла і па сваіх фінансава-эканамічных паказчыках не магла гарантаваць выканання дамоўных абавязкаў у належныя тэрміны.

Нагадаем, што 16 красавіка ў беларускага кіраўніка прайшла нарада па развіцці энергетыкі. На ёй Лукашэнка заявіў, што энергетыкі збудавалі сваю дзяржаву ў дзяржаве ды яшчэ «з элементамі банды і мафіі». 18 красавіка былі звольненыя міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц, яго першы намеснік Эдуард Таўпянец і генеральны дырэктар «Белэнерга» Аляксей Шырма.

22 красавіка новым міністрам энергетыкі стаў Уладзімір Патупчык, а Яўген Воранаў узначаліў «Белэнерга».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?