Гурт «Братья Грим» завітаў у Мінск каб прэзентаваць супольны з гуртом Рамана Арлова «У нескладовае» кліп на беларускамоўную песню «Станцыя»: яе музыкі запісалі даўно, аднак цяпер аздобілі відэашэрагам.

«Браты», чый момант славы прыйшоўся на сярэдзіну нулявых, зараз выступаюць у іншым складзе, з двух блізнюкоў-вакалістаў, якіх маскоўскія крытыкі дзялілі на «Бору» і «неБору» застаўся адзін — Канстанцін Бурдаеў, які на мінскай прэзентацыі раптоўна здзівіў беларускіх журналістаў сваёй цывілізацыйнай канцэпцыяй.
«Беларусы не зусім еўрапейцы, у іх шмат азіяцкага. — распавядаў Бурдаеў. — Вось я лічу, што мы адносімся да цывілізацыі Русь — Расія, Украіна, Беларусія. У нас інтэлектуальная музыка, наш рок ён базуецца на тэкстах, а ў англа-саксаў гэта хутчэй забаўка, „о бэйбі“ і гэтак далей».
Перакрэсліўшы тым самым ладную частку сусветнай рок-музыкі, Бурдаеў некалькі разоў падкрэсліў тое, што «Браты» граюць інтэлектуальны рок, а не тую «забаўку».
Раман Арлоў на пытанне, ці таксама ён лічыць, што беларусы не еўрапейцы, а азіяты, адказаў, што гэта цікавая дыскусійная тэма, што еўрапейскага ў беларусах, канешне шмат, але што тычыцца тэкстаў, то тут ён з Канстанцінам згодны — маўляў, ёсць у нас dацыяльны мэсыдж.

На пытанне, ці лічыць спадар Бурдаеў станоўчым саюз Расіі і Беларусі, той адказаў, што, калі ўжо так склалася, то хай так будзе.

«У нас падобныя мовы — мы разумеем адзін аднога. Я лічу, што мы - Русь. Мы асобны свет, як Кітай. — кажа Бурдаеў. — Але калі кітайцы з розных правінцый могуць адзін аднога не разумець, то мы можам».
Даводзілася Бурдаеву спяваць і па-ўкраінску, што па ягоных словах складаней, чым па-беларуску.

«Там ёсць пэўныя спеўныя гукі, з якімі цяжка. — кажа „Брат Грым“. — А ў беларускай мове ўсё прасцей, хлопцы мне дапамаглі прыбраць акцэнт».

Песня вельмі падабаецца абодвум калектывам — і «Братам» і «У нескладоваму».

Па словах Бурдаева, яго маскоўскія сябры нават вырашылі, што гэта яго тэкст і ягоны гурт тым самым перайшоў на новы, вышэйшы інтэлектуальны ўзровень.

Паслухаць песню «Станцыя», якую напісалі Раман Арлоў і Аляксандр Памідораў, жыўцом можна будзе на супольным выступе гуртоў на «Вечарах у Мірскім замку». Акрамя яе там прагучаць і іншыя хіты інтэлектуальных «Братоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?