«Расійская грамадскасць Віцебска» выступіла супраць помніка князю Альгерду
Крытычныя заўвагі з’явіліся пасля таго, як была абвешчана канкрэтная дата яго адкрыцця — 26 чэрвеня 2013.
Праз 5 гадоў пасля прапановы абласной адміністрацыі ўсталяваць у Віцебску помнік князю Альгерду раптам актывізавалася «расійская грамадскасць» — прынята рашэнне звярнуцца да ўладаў, каб гэтага помніка не было.
«Расійская грамадскасць», якая пратэстуе супраць усталявання помніка князю Альгерду — гэта «актывісты шэрагу арганізацый расійскіх суайчыннікаў, прадстаўнікоў палітычных партый, казацтва, праваслаўнай грамадскасці і ветэранаў вайны ў Аўганістане», перадае агенцтва REGNUM.
Князя Альгерда яны лічаць «літоўскім князем, знакамітым найперш уціскам і забойствамі яго праваслаўных сучаснікаў, здзяйсненнямі шматлікіх вайсковых паходаў на Маскву». Таму вырашана звярнуцца да ўладаў, якія нібыта падтрымалі ініцыятыву, «высунутую ідэйнымі апанентамі».Бо «ўсталяванне гэтага помніка напярэдадні правядзення фестываля „Славянскі базар у Віцебску“ прывядзе толькі да пагаршэння іміджу Беларусі ў Расіі».
Крытычныя заўвагі наконт усталявання помніка князю Альгерду ад імя «расійскай грамадскасці Віцебску» з'явіліся пасля таго, як была абвешчана канкрэтная дата яго адкрыцця — 26 чэрвеня 2013 году, гэта традыцыйны «Дзень горада», прымеркаваны да ўгодкаў вызвалення Віцебска падчас Вялікай Айчыннай вайны (26 чэрвеня 1944 г.)
Між тым, помнік князю Альгерду мусілі ўсталяваць у Дзень горада яшчэ ў 2012 годзе. Тады вялося пра ўстаноўку і яшчэ двух помнікаў у Віцебску — легендарнай княгіні Вользе і Аляксандру Неўскаму.Аднак яшчэ падчас абмеркавання праектаў помнікаў віцебская грамадскасць не падтрымала ідэю ўшанавання апошніх двух асобаў: Аляксандар Неўскі не мае прамога дачынення да гісторыі гораду, а княгіня Вольга з'яўляецца заснавальніцай Віцебску толькі паводле адной з легендаў, якая, да ўсяго, супярэчыць рэальным гістарычным фактам.
Такім чынам, быў зацверджаны толькі помнік князю Альгерду, сыну вялікага князя літоўскага Гедыміна, які пабраўся з дачкой віцебскага князя Яраслава і стаў ягоным наступнікам. І той праект некалькі разоў дапрацоўваўся, перш чым увасобіцца ў жыццё.
Для помніка ўжо зроблены пастамент — насупраць Уваскрасенскай царквы. І цяпер гэта — адзін з галоўных аргументаў «расійскай грамадскасці»: агенцтва REGNUM паведамляе нават пра наяўнасць нейкіх дакументаў, «якія сведчаць пра адмоўнае стаўленне Беларускай праваслаўнай царквы да планаў віцебскіх уладаў».Затое ўсталяванне помнікаў Аляксандру Неўскаму і княгіні Вользе вітаецца «расійскай грамадскасцю», але рэалізацыя гэтых планаў нібыта была «адкладзена віцебскімі ўладамі на няпэўны тэрмін пад ціскам празаходняй апазіцыі».
Абмеркаванне пратэсту «расійскай грамадскасці актыўна вядзецца на інтэрнэт-сайце «Народныя Навіны Віцебску». Аўтары допісаў згадваюць, што нядаўняе ўсталяванне помніка былому патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II на месцы загубы ўніяцкага святара, святога Язафата Кунцэвіча ўвогуле праводзілася без аніякага абмеркавання грамадскасцю.
А некаторыя лічаць, што зварот «расійскай грамадскасці» можа стацца падставай для таго, каб віцебскія ўлады адмовіліся ад ідэі ўсталявання помніка князю Альгерду, дарэчы, падтрыманай колькі год таму і Аляксандрам Лукашэнкам.
Каментары