Пракуратура Гомельскай вобласці падала ў суд іскавую заяву аб адмене ўсынаўлення ў дачыненні да двухгадовага Вані Цімашэнкі з вёскі Ліпаў Калінкавіцкага раёна. Пра гэта ў інтэрв’ю паведаміла памочнік пракурора вобласці па справах непаўналетніх і моладзі Вера Замойская.

Пракуратура просіць адмяніць рашэнне суда аб усынаўленні дзіцяці і перадаць яго органам апекі і папячыцельства.
23 красавіка павінна было адбыцца судовае пасяджэнне па іску, але яго перанеслі ў сувязі з тым, што бацька дзіцяці знаходзіцца зараз з хлопчыкам на рэабілітацыі. Паводле слоў памочніка пракурора, іскавая заява была пададзена ў інтарэсах дзіцяці — бацькі недагледзелі хлопчыка, ён атрымаў траўму. А паводзіны бацькоў, у прыватнасці маці, ужо пасля атрымання дзіцем траўмы і шпіталізацыі сведчаць пра тое, што, хутчэй за ўсё, яны не змогуць забяспечыць у далейшым належны догляд за хворым хлопчыкам.
«Вырашаць пытанне аб адмене ўсынаўлення будзе суд. Маці ў сілу непаразумення недастаткова глядзела за хлопчыкам.
Зараз, калі ён хворы, яна наўрад ці будзе ў стане забяспечыць яму належны догляд. Яна недастаткова была гатова для ажыццяўлення бацькоўскіх функцый. Пракуратура мяркуе, што немэтазгодна вяртаць дзіця пасля выпіскі ў гэту сям’ю», — растлумачыла Замойская.

Памочнік пракурора падкрэсліла, што пры праверцы было ўстаноўлена: заканадаўства ў частцы ўсынаўлення не было парушана, усе патрабаванні закона выкананы.

«Мы апытвалі жыхароў вёскі Ліпаў, усе даюць сям’і станоўчую характарыстыку, ніхто дрэнна пра іх не гаварыў. Быў кантроль і з боку органаў апекі. Маці клапацілася пра дзіця, часта звярталася ў мясцовую бальніцу па дапамогу, купляла хлопчыку ўсё неабходнае. Але пасля траўмы дзіцяці і пасля з’яўлення роліка ў інтэрнэце і наступных абвінавачанняў у бок маці ў яе стрэс. Разам з тым, бацька дзіцяці пастаянна знаходзіцца з ім у бальніцы, ён прывязаны да сына, характарызуецца станоўча», — зазначыла суразмоўца.

Пракуратура вобласці таксама падала прадстаўленне ў Гомельскі аблвыканкам, у якім прапанавана розным упраўленням прыняць меры да недапушчэння такіх сітуацый у наступным. Так, упраўленню аховы здароўя прапанавана прыняць усе меры па лячэнні і рэабілітацыі дзіцяці, упраўленню адукацыі — больш надаваць увагі замяшчальным сем’ям, прыцягнуць да адказнасці вінаватых асоб, знайсці дзіцяці прыёмную сям’ю і гэтак далей.

Нагадаем, двухгадовы Ваня Цімашэнка ў студзені 2013 года трапіў у рэанімацыю з чэрапна-мазгавой траўмай, яму была праведзена аперацыя, а ў сакавіку ён зноў быў шпіталізаваны. На думку групы грамадзян, якія аб’ядналіся ў сацыяльнай сетцы, хлопчык стаў ахвярай жорсткіх бацькоў, якія яго ўсынавілі, а затым збілі. Паводле версіі раённага аддзел Следчага камітэта, які праводзіў праверку, хлопчык атрымаў траўму пры падзенні падвясных арэляў. Зараз ён працягвае лячэнне, а ўпраўленне Следчага камітэта праводзіць дадатковую праверку. Яе працягнулі да канца мая. Ва УСК зазначаюць, што гісторыя з хлопчыкам мае вялікі грамадскі рэзананс, таму так доўга ідзе праверка: правяраюць усё дасканала і старанна. Следчыя органы ўстанаўліваюць, як менавіта дзіця атрымала траўму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?