За ўчыненне асабліва цяжкага злачынства да працяглага тэрміну пазбаўлення волі прыгавораны 34-гадовы грузчык адной з арганізацый Бярозы.

Як паведаміў БелаПАН пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Міхаіл Булыгін, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне па справе, 24 жніўня 2012 года на ўскраіне Бярозы — недалёка ад вадаёма Паўночны — мужчына задушыў 20-гадовую мясцовую жыхарку, якая загарала там, і наздзекаваўся з яе целам. Са сваёй ахвярай абвінавачваны раней знаёмы не быў. Пасля ўчынення злачынства ўцёк.

Цела загінулай з прыкметамі насільнай смерці знайшлі 10 верасня супрацоўнікі міліцыі. Дзяўчыну шукалі пасля таго, як 27 жніўня ў Бярозаўскі РАУС звярнулася яе маці. Жанчына сказала, што 24 жніўня дачка пайшла з дома загараць і не вярнулася.

Падазроны ў забойстве быў затрыманы ў Бярозе 14 верасня.

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда на выязным пасяджэнні ў Бярозе 26 красавіка прызнала яго вінаватым на падставе ч. 1 арт. 139 і ч. 1 арт. 347 Крымінальнага кодэкса і прыгаварыла да 15 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

«Праведзенай экспертызай устаноўлена, што мужчына падчас учынення злачынства ўсё разумеў і ўсведамляў супрацьпраўны характар сваіх дзеянняў, — паведаміў Булыгін. — У судовым пасяджэнні ён прызнаў сваю віну ў забойстве і здзекаванне над трупам, паказаўшы, што ў яго галаве нешта «заклініла». Раней мужчына быў тройчы судзімы, у тым ліку два разы за сэксуальныя злачынствы».

Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?