У чацьвер, 16 жніўня, у Менску пад старшынствам Аляксандра Мілінкевіча прайшло паседжаньне камітэту ў абарону актывістаў Маладога Фронту, прысьвечанае судам над Іванам Шылам, Яраславам Грышчэнем і Настасьсяй Азаркай, якія маюць адбыцца ў верасьні.


Сяржук Лісічонак

Павал Севярынец

Людміла Гразнова

Бацькі Івана, якія былі на паседжаньні, даволі пэсымістычна глядзяць на выніковасьць захадаў у абарону шаснаццацігадовага хлопца.

Уладзімер Шыла: «Безумоўна, зараз мы адчуваем моцную падтрымку й увагу да нашае сям’і, але цяпер мы знаходзімся ў стане чаканьня, бо нічым моцна супрацьстаяць будучай судовай расправе ня можам».

Сяржук Лісічонак зазначыў, што пры канцы лета, калі большасьць эўрадыпляматаў вернецца з адпачынкаў, плянуецца распачаць шырокую кампанію інфармаваньня эўрапейскіх структураў пра перасьлед маладафронтаўцаў. На ягоную думку, неабходна ня толькі зьвярнуцца ва ўсе дыпляматычныя прадстаўніцтвы, але й стварыць англамоўны інфармацыйны бюлетэнь, а таксама выкарыстоўваць магчымасьці блогаў.

Павал Севярынец адзначыў, што выпадак Івана Шылы — гэта ўжо другі прыклад таго, калі судзьдзі адмаўляюцца чыніць расправу над маладымі людзьмі паводле 193 артыкулу:

«Гэтая акалічнасьць у будучыні можа паставіць пад пытаньне само выкарыстаньне такога артыкулу Крымінальнага кодэксу».

Праваабаронца Людміла Гразнова зьвярнулася да людзей старэйшага веку з заклікам пісаць лісты ня толькі ў суды й КДБ, але і бацькам перасьледаваных:

«Вельмі часта бывае так, што сямейныя адносіны, калі старэйшыя не разумеюць усю важнасьць і адказнасьць справы маладых, зьяўляюцца значна большым выпрабаваньнем для людзей, чым суд».

Аргкамітэт таксама вырашыў у найбліжэйшы час наведаць Івана, Яраслава і Насту, якія знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. У адну з такіх паездак пагадзіўся адправіцца і Аляксандар Мілінкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?