Да апазыцыі ў Малым Сітне ставяцца, па праўдзе кажучы, халодна. Агульнае меркаваньне фармуецца афіцыйным тэлебачаньнем, і нічога дзіўнага, што пэнсіянэры ў вёсцы ці вахтоўцы дагэтуль глядзяць на мяне моўчкі й вялікімі вачыма, быццам на неразарваны снарад часоў Другое сусьветнае вайны.

На працы рэгулярна ўсплываюць легенды, чутыя калісьці пра дэмакратаў, — і чаго тады ні сустрэнеш у гэтых зборах народнага фальклёру! І тое, што ў Полацку на акцыях падлеткам плацілі па 20 даляраў («Сам бачыў!» — кляўся былы міліцыянт, які пры канцы 1990-х звольніўся з «ораганаў»); і тое, што тыя ж апазыцыянэры прапаноўвалі студэнтам у Наваполацку 25 тысяч цяпер ужо беларускіх рублёў «за подпіс супраць Лукашэнкі», і што тых, хто подпіс ставіў, выганялі з унівэрсытэту… Аднойчы малады хлапец-рабочы пасьля пары шклянак нават прызнаўся, што падчас тэрміновай службы ва ўнутраных войсках стаяў у шэрагу перад апазыцыйнай маніфэстацыяй у Менску. «Разумееш, нам сказалі — толькі абараняцца. Яны, значыць, могуць нападаць і нас біць, а мы іх — не! А натоўп калі ідзе на цябе, ты ведаеш… Трасесься, мама родная…» (Во, аказваецца, як яно па той бок Майдану!) Завочную непрыязнасьць вяскоўцаў да апазыцыі, як і ў выпадку з рэжымам, можна зьвесьці да гіт-параду зь дзесяці асноўных пытаньняў.

1. «За колькі вы прадаліся? Колькі вам плаціць Амэрыка (Захад, NATO, ЦРУ)?.. Вы ж усё гэта за грошы робіце. А чым аддаваць будзеце?»

2. «Навошта новага? Ён пакуль нахапаецца… Хай ужо гэты будзе, ён ужо забясьпечаны. Дый гэтага мы хаця б ведаем, а той хто?..»

3. «У нас жа няма рэсурсаў, мы нішчыя: адкуль што возьмеце? Нафту, газ, мэтал?..»

4. «Гэта што, зноў БНФ? Ды калі вы ўжо супакоіцеся? Дзе ваш Пазьняк? І Шушкевіч таксама ж ваш… Не, за бээнэфаўцаў мы ня пойдзем».

5. «Ну чаго, чаго вы бунтуеце народ? Заводы працуюць, пэнсіі плацяць, жывём сабе, хай і небагата, але ціха. Нашто падбухторваеце? Уся кроў, уся вайна праз гэта!..»

6. «А што вы нам дасьцё? Ну, дапусьцім, мы за вас прагаласуем — дык што нам будзе? Грошай заплаціце або цыстэрну сьпірту прывезяце?..»

7. «Пра вас нідзе ж не прачытаеш, не пачуеш, вы ўвогуле нічога ня можаце — як жа вы пераможаце?..»

8. «Канкрэтна, якая ў вас праграма? Вось па пунктах: што прапануеце? Пра сьцяг і мову ведаем. Добра, што далей?»

9. «Што, хочаце як ва Ўкраіне? Арнажавая рэвалюцыя, натоўп на плошчы, а потым развал? Перасварыцеся, глоткі адзін аднаму рваць будзеце, эканоміку ўгробіце. І зноў крызіс?»

10. «Што, хочаце як у Польшчы? Каб беспрацоўе было як там… Ці як у Прыбалтыцы, што пэнсіянэры жабруюць? Ці як у Расеі, што мафія, алігархі й простаму чалавеку жыцьця няма?..»

Разам з тым многія стэрэатыпы з сэрыі «Чаму ў нас апазыцыю ня любяць» у Малым Сітне разьвеяліся ў дым:

— прынцыповая беларускамоўнасьць не выклікае раздражненьня — хіба зьдзіўленьне. «Моўнае пытаньне» для вяскоўцаў заключаецца ў тым, што тутэйшых дзетак, навучаных у школе па-беларуску, прымушаюць паступаць вучыцца далей у тэхнікумах ды ўнівэрсытэтах па-расейску. Усе пагаджаюцца, што рэальнага дзьвюхмоўя няма і беларускую мову заціскаюць;

— бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» маласіценцаў зусім не палохаюць. Аргумэнт «за што не люблю Лукашэнку — бо сьцяг памяняў» тут пачуеш часьцей, чым чакаеш;

— вобраз апазыцыі як радыкальных адмарозкаў і хуліганаў тут не спрацоўвае. «Адмарозкі» — тыя, хто галаву адап’е ды на дыскатэцы б’ецца, а гэтыя, бач, ідэйныя, буржуі, інцелігенты;

— антырасейская рыторыка (пэўна, з падачы самога Рыгоравіча) успрымаецца ўжо натуральна. Словы «На Каўказе вайна, а ў нас мяжы няма» прымушюць вяскоўцаў жахацца: абы не было вайны! Расея — гэта алігархі, «максімка», крымінал, галеча. Вядома, яны нам бліжэйшыя за ўсіх, але… Мы як-небудзь ужо самі.

Калі адкажам на ўсе вясковыя пытаньні так, каб і глыбінка пачула, — у 2006-м абавязкова пераможам.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?