«Сродкі пятага траншу АКФ ЕўрАзЭС у суме $440 мільёнаў паступілі і залічаныя на рахунак Міністэрства фінансаў у Нацыянальным банку», — паведаміў БелаПАН прадстаўнік Нацбанка.

Перамовы беларускіх улад аб выдзяленні пятага траншу крэдыту вяліся з прадстаўнікамі АКФ ЕўрАзЭС некалькі месяцаў. Быў падрыхтаваны ліст Мінфіна і Нацбанка аб намерах адносна выдзялення шостага траншу. Ліст устанаўлівае параметры стабілізацыі на 2013 год.

Яшчэ ў канцы лютага Сяргей Шаталаў — намеснік старшыні Еўразійскага банка развіцця, які кіруе сродкамі ЕўрАзЭС, заявіў, што Беларусь атрымае ў хуткім часе пяты транш крэдыту.

27 сакавіка міністр фінансаў Андрэй Харкавец заявіў журналістам, што ва ўрадзе чакаюць пералічэння чарговага траншу Беларусі ў красавіку. Пры гэтым Харкавец раскрытыкаваў АКФ у сувязі з невыкананнем ім раней запланаваных тэрмінаў выдзялення беларускаму боку траншаў стабілізацыйнага крэдыту. «Нас не задавальняе працэдура прыняцця рашэнняў самім Антыкрызісным фондам, якая вельмі працяглая і якая не карэлюецца з абавязацельствамі, узятымі фондам у межах матрыцы мер, у прыватнасці па тэрмінах», — заявіў кіраўнік Мінфіна.

Беларусь, дадаў Харкавец, часта крытыкуюць за тое, як яна выконвае абавязацельствы перад АКФ ЕўрАзЭС, аднак ніхто не абмяркоўвае, як ён выконвае свае абавязацельствы па тэрмінах.

Кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова ў гутарцы з журналістамі 2 красавіка таксама не выключыла, што Беларусь можа атрымаць пяты транш крэдыту АКФ ЕўрАзЭС да канца месяца. «Ёсць надзея, цвярозы сэнс павінен перамагчы. Калі не сёння, то заўтра», — сказала яна.

Разам з тым Ермакова паведаміла, што на пасяджэнні экспертнага савета Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС 1 красавіка канкрэтных рашэнняў наконт гэтага прынята не было. Паводле слоў Ермаковай, беларускі бок не згодны з той пазіцыяй, якая выказвалася на пасяджэнні савета. На ўдакладняючае пытанне БелаПАН, што гэта за пазіцыя, кіраўнік Нацбанка адказала: «Не будзем выказвацца загадзя. Дачакаемся рашэння».

Тым часам 30 сакавіка ЕАБР, які кіруе сродкамі АКФ ЕўрАзЭС, апублікаваў агляд, у якім указаў на рызыкі беларускай эканомікі. «Ключавой задачай, што стаіць перад беларускімі ўладамі, з'яўляецца аднаўленне ўстойлівасці плацежнага балансу эканомікі краіны», — мяркуюць у ЕАБР.
Аднак «дачасныя спробы павысіць тэмп росту ВУП да ўзроўняў папярэдняга дзесяцігоддзя шляхам стымулявання эканомікі могуць прывесці да паўтарэння крызісных з'яў, якія мелі месца ў 2011 годзе», — папярэджваюць аналітыкі банка.
Пагадненне аб выдзяленні Беларусі крэдыту з АКФ у памеры 3 млрд. долараў шасцю траншамі ў 2011—2013 гадах было падпісана ў чэрвені 2011 года. Першы транш у 800 млн. долараў быў пералічаны ў чэрвені 2011 года, яшчэ 440 млн. — у снежні 2011-га.

31 студзеня гэтага года Беларусь атрымала ўжо чацвёрты транш у памеры 440 млн. долараў. Да канца гэтага года ў Мінск павінен быць пералічаны яшчэ адзін, шосты па ліку, транш на 440 млн. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?