Аператыўнікі службаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі і УУС Брэсцкага аблвыканкама ў адным з брэсцкіх казіно затрымалі групу махляроў.
Як паведаміла БелаПАН старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Вераніка Пасмецьева, са жніўня 2012 года па красавік 2013 года круп'е і адміністратар аднаго з казіно ў Брэсце па папярэдняй змове з двума мясцовымі жыхарамі ва ўзросце 31 года і 35 гадоў завалодалі больш чым 150 млн. рублёў, якія належалі ўстанове.
Непрацуючыя брэстаўчане былі пастаяннымі кліентамі казіно і заўзятымі гульцамі ў покер. Яны таксама былі знаёмымі круп'е і адміністратара казіно. Падазроныя праз інтэрнэт набылі кітайскія кантактныя лінзы і калоду ігральных карт.З іх дапамогай атрымлівалі перамогу ў гульні і забіралі выйгрыш, які потым дзялілі паміж сабой.
Аператыўнікі высветлілі, што ігральныя карты былі мечаныя і давалі свячэнне ва ўльтрафіялетавым дыяпазоне, а кантактныя лінзы дазвалялі ўбачыць тайныя выявы на картах.
Схема, па якой дзейнічалі махляры, была наступнай. Адміністратар — або круп'е — у пэўны момант уводзілі ў гульню мечаную калоду карт. Іх хаўруснікі ў спецыяльных кантактных лінзах маглі ўбачыць гэтыя карты і своечасова прысесці менавіта за той стол, дзе была гэтая калода.У якасці маскіроўкі падазроныя надзявалі акуляры, каб іншыя гульцы не змаглі заўважыць на вачах лінзы. Толькі за адну гульню махляры маглі зарабіць ад 800 да 2.000 долараў ЗША.
Зараз у дачыненні да круп'е і адміністратара казіно, а таксама двух непрацуючых брэстаўчан распачата справа па ч. 4 арт. 209 КК (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры). Трое падазроных затрыманы, чацвёрты знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.