Штомесячная акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і рэпрэсаваных учора ў Менску скончылася зьбіцьцём яе ўдзельнікаў.

Першая група людзей прыйшла да касьцёлу Сьвятога Язэпа а 19:00, яна была нешматлікай – каля 15 чалавек. Сярод іх быў Павал Севярынец, Зьміцер Хведарук, Наста Палажанка і інш. Яны далучыліся да верніц, якія штодня стаяць пад сьценамі бажніцы. Людзі прачыталі “Магутны Божа”, пасьля чаго разышліся. За ўсім гэтым пільна назіралі прадстаўнікі праваахоўных органаў і спэцслужбаў. Яны правяралі дакумэнты і заплечнікі прысутных. Паўла Севярынца міліцыянты прасачылі аж да дому, але не затрымалі.

На гэтым акцыя ня скончылася – дзесьці праз гадзіну частка людзей зноў падышла да касьцёлу. Колькасьць удзельнікаў ўзрасла – было недзе 40 чалавек, стала болей і міліцыі. Людзі прачыталі малітву “Ойча наш...”. Пасьля нехта зь міліцыянтаў выгукнуў: “Выпіхвай гэта быдла”. Людзей накіравалі ўбок Сьвіслачы, недалёка ад якой і адпусьцілі.

Аднак і гэта быў не апошні падыход да касьцёлу. Яшчэ празь некалькі хвілінаў людзі зноў прыйшлі да храму, іх было чалавек 50. Яны мелі з сабой партрэты Аляксандра Казуліна, Зьмітра Дашкевіча, Зьмітра Завадзкага. Міліцыянты скамандавалі, каб прысутныя разыходзіліся, але гэта не падзейнічала. Пасьля гэтага АМАПаўцы пачалі браць у кола людзей, якія селі на ганак касьцёлу.

Удзельнікаў акцыі жорстка выштурхоўвалі з прыступак касьцёлу. Насту Палажанку ўдарылі нагой па сьпіне, даставалася і іншым. Быў выпадак, што адзін АМАПавец зьбіваў хлопца, калі другі яго трымаў.

Людзей пачалі выштурхоўваць убок вуліцы Багдановіча. У гэты час на прыпынак падыходзіў тралейбус №46, у яго і селі ўсе ўдзельнікі акцыі. Таксама ў тралейбус села шмат міліцыянтаў, якія стаялі ля дзьвярэй і нікога не выпускалі.

Побач ля Чарнобыльскай капліцы тралейбус спыніўся “з тэхнічных прычын”. Да яго адразу пад’ехаў аўтазак. Моладзь думала, што туды будуць запіхваць іх, аднак у машыну селі самі АМАПаўцы. Пасьля гэтага ні ў каго ўжо не было жаданьня вяртацца ізноў да касьцёлу.

Пазьней каля кінатэатру Масква быў затрыманы адзін з удзельнікаў акцыі салідарнасьці Мікіта Сасім. Найхутчэй, што яго будуць сёньня судзіць.

Глядзі яшчэ:
Фотарэпартаж з акцыі ля сьвятога Язэпа
Міліцыя ўзяла на сябе адказнасьць за затрыманьне Мікіты Сасіма

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?