Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Грузіі на надзвычайнай сесіі ў чацвер прагаласаваў за тое, каб грузінскія спартсмены ўдзельнічалі ў Зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы ў 2014 годзе.

У галасаванні прымалі ўдзел 46 дэлегатаў — прадстаўнікоў розных спартыўных федэрацый, зарэгістраваных у камітэце. Ніводнага голасу супраць не было.

«Я віншую вас з тым, што грузінскія спартсмены прымуць удзел у Алімпійскіх гульнях», — сказаў пасля галасавання прэзідэнт НАК Леры Хабелаў.

Раней прэм'ер-міністр Бідзіна Іванішвілі не раз казаў, што «Грузія абавязкова прыме ўдзел у Алімпіядзе ў Сочы». У лютым Хабелаў заявіў, што «Грузія з'яўляецца членам вялікай сусветнай алімпійскай сям'і, прызнае алімпійскую хартыю і будзе ўдзельнічаць у Алімпіядзе 2014 года ў Сочы».

Прадстаўнікі былой кіруючай партыі прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух», якая перайшла ў апазіцыю пасля парламенцкіх выбараў 1 кастрычніка 2012 г., раней казалі пра магчымасць байкоту Гульняў у Сочы.

Паміж Расіяй і Грузіяй цяпер няма дыпламатычных адносін. Яны былі разарваныя Тбілісі пасля прызнання Масквой незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў 2008 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?