Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры сустрэўся ў сераду з прэзідэнтам Грузіі ў Вашынгтоне.
Міхаіл Саакашвілі знаходзіцца з візітам у ЗША, паведамляе радыё «Голас Амерыкі». «Дэмакратычная перадача ўлады ў Грузіі жыццёва неабходная. Яна важная, і мы зробім усё, каб яна прайшла гладка», — адзначыў, у прыватнасці, Кэры, калі гаворка зайшла аб тым, што тэрмін знаходжання цяперашняга прэзідэнта Грузіі ва ўладзе сканчаецца восенню гэтага года.
У сваю чаргу, Саакашвілі адзначыў, што яго візіт у ЗША праходзіць у «крытычна важны момант для грузінскай дэмакратыі і самога выжывання Грузіі». Грузінскі прэзідэнт таксама звярнуў увагу на важнасць «падтрымкі ЗША ў справе ўступлення ў НАТА».
Акрамя таго, Саакашвілі падзякаваў Кэры за падтрымку, аказаную Грузіі з боку ЗША ў бытнасць цяперашняга дзяржсакратара сенатарам і кіраўніком сенацкага камітэта па міжнародных адносінах.
На парламенцкіх выбарах мінулага года ў Грузіі перамагла апазіцыйная кааліцыя «Грузінская мара», а Нацыянальны рух прэзідэнта Саакашвілі перайшоў у апазіцыю. Новыя ўлады распачалі крымінальныя справы супраць шэрагу міністраў і чыноўнікаў былога ўрада. Выказваліся меркаванні, што і Саакашвілі можа стаць аб’ектам крымінальнага пераследу, як былая прэм’ерка Украіны Юлія Цімашэнка. Заходнія эксперты засцерагаюць новы ўрад ад «палявання на вядзьмарак». На іх думку, краіне трэба звыкнуць да ратацыі ўлады.