Часам узнікае ўражанне, што для нашай краіны найбольш важнымі рэчамі з’яўляюцца ўраджай, мадэрнізацыя і «Еўрабачанне». І калі наконт першых дзвюх яшчэ больш-менш можна пагадзіцца, то цікавасць на дзяржаўным узроўні да песеннага конкурсу выклікае здзіўленне.

Адразу ўспамінаецца стары анекдот, у якім без удзелу прэзідэнта не могуць нават бульбу перабараць.

Але ж не такі гэта і анекдот — у 2012 годзе, у сувязі з фальсіфікацыяй вынікаў адборачнага галасавання, Лукашэнка асабіста аб'явіў вымову міністру культуры Паўлу Латушку і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку, а таксама зрабіў заўвагу кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміру Макею, яго намесніку Аляксандру Радзькову і намесніку прэм'ер-міністра Анатолю Тозіку.

І ўжо зараз, на сустрэчы са студэнтамі, прэзідэнт ізноў успамінае «Еўрабачанне» і кажа, што перажывае за вынікі конкурсу, хоць там і ўсё праплачана. «Гэты конкурс не зусім аб'ектыўны, і для нас, беларусаў, перамагчы — гэта верх усяго. Не ведаю, што павінна адбыцца», — кажа ён.

У першую чаргу, клопат кіраўніка дзяржавы аб «Еўрабачанні», звязаны з пытаннем іміджа краіны. Гэта спаборніцтва, а ў любых спаборніцтвах у Беларусі, на жаль, не так шмат перамог. Па гэтай жа прычыне, пасля кожнай Алімпіяды прэзідэнт ладзіць жорсткі разбор палётаў. Аднак, калі Алімпійскія гульні — гэта сусветнае свята спорту, то «Еўрабачанне» гэта свята… чаго?

Дакладна, што не культуры, бо конкурс мае відавочны поп-ухіл. А поп-музыка — штука аднадзённая. Спытайце ў сваіх сяброў, ці змогуць яны назваць імёны і краіны пераможцаў апошніх пяці конкурсаў? Ці ўзгадаць, хаця б, назвы песень?

А калі Лукашэнка спадзяецца, што Беларусь зможа запаліць на музычным небасхіле чарговую зорку з прыстаўкай «мега» — як АББА, ці Селін Дыён — дык зразумела, што гэтага не адбудзецца. Дастаткова паслухаць песню Ланской. Ды і ў выпадку замежных зорак асноўнай падставай да іх папулярнасці з’яўляўся талент, а перамога ў «Еўрабачанні» толькі дапамагла гэтаму таленту быць пачутым. І Дыён і АББА і так знайшла б слава, можа толькі крыху пазней. А большасць выканаўцаў, атрымаўшых на «Еўрабачанні» высокія ці, нават, першыя месцы, так і засталіся знакамітасцямі «лакальных» масштабаў.

І яшчэ. Ніхто не думаў аб тым, у якую суму ўстане так неабходная нам перамога ў «Еўрабачанні»?

Напрыклад, Азербайджан, які прымаў конкурс у 2012 годзе, выдаткаваў каля $150 мільёнаў, і гэта афіцыйныя лічбы (неафіцыйныя — у некалькі разоў больш). Гаспадыня цяперашняга «Еўрабачання» Швецыя плануе правесці фэст у рэжыме жорсткай эканоміі, і мала таго, што конкурс пройдзе не ў Стакгольме, а ў горадзе Мальмё з насельніцтвам каля 300 000 чалавек, дык і бюджэт не перавысіць $ 25 мільёнаў.

Малаверагодна, што, у выпадку доўгачаканай перамогі, «Еўрабачанне» ў Беларусі пройдзе ў абласным цэнтры і за бясцэнак. Таму бюджэт гіпатэтычнага «Еўрабачання» «Мінск-2014» хутчэй за ўсё будзе складаць не менш за паўсотні мільёнаў даляраў. І не мала, і без залішняга шыку. Тое, што трэба!

Аднак, чаму замест фестывалю па вытворчасці аднадзённых спевакоў, не ўкласці ты я ж грошы ў беларускае кіно? Бо індустрыя не тое што не развіваецца, яе фактычна не існуе, а на імідж краіны, як мне здаецца, фільмы уплываюць не горш за песні.
Нават калі паглядзець бюджэты апошніх фестывальных лідараў, атрымліваецца, што за 50 мільёнаў Беларусь можа на працягу 5-6 гадоў выпускаць раз у год адзін якасны фільм еўрапейскага ўзроўню. Не верыце? Вось вам прыклады — бюджэт «Меланхоліі» Ларса фон Трыера, якая атрымала тытул лепшай еўрапейскай стужкі ў 2011г., складаў каля $8 мільёнаў, «Фауст» Сакурава (вышэйшая ўзнагарода на Венецыянскім фестывалі) — таксама $7-8 мільёнаў. Не падабаецца аўтарскае кіно? Дык расейскія блакбастэры «Начны дазор» і «Дзённы дазор» былі знятыя ўсяго за $4 мільёны кожны.

Але ж прыярытэты ў нас ужо расстаўленыя. «Еўрабачанне» — і кропка. Як сказаў у мінулым годзе Лукашэнка, гэта справа не толькі аднаго канала. Трэба падключыць і іншыя каналы, спонсараў, нават Міністэрства культуры.

Ага. Для ўдзелу ў праплачаным конкурсе.Такія справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?