У Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі сёньня адкрылася выстава майстроў з народнага фатаклюбу «Менск». Дэманстраваныя на ёй працы былі зроблены падчас фотапленэру ў коласаўскіх мясьцінах Стаўбцоўшчыны. Выстава прысьвечана 125-годзьдзю з дня нараджэньня Якуба Коласа.

Вынікам мінулагодняга чатырохдзённага фотапленэра стала некалькі дзясяткаў прац 17 сябраў фатаклюбу «Менск» ды іх карэйскага калегі Ан Габ Ёна, якія дэманструюцца на выставе пад назваю «Ад роднае зямлі, ад гоману бароў».

Гаворыць старшыня праўленьня народнага фатаклюбу «Менск» Яўген Казюля:

«Мы ў траўні мінулага году выправіліся на Стаўбцоўшчыну, а менавіта – у Мікалаеўшчыну. Чатыры дні працавалі ў розных мясьцінах. Былі мы і ў Акінчыцах, і ў Альбуці, у Ластку, у Смольні. Сустракаліся зь людзьмі, якія добра ведаюць творчасьць Коласа. Нашы калегі засталіся ў захапленьні ад таго, як чытаў «Новую зямлю» Юрка Міцкевіч – унучаты пляменьнік Якуба Коласа».

Галоўную задачу гэтай выставы Яўген Казюля бачыць у наступным:

«Мы ўсе хацелі, каб гэта кранула душу кожнага. Прыгажосьць зямлі нашай. І нагадаць людзям пра нашых знакамітых песьняроў і пра нашу гісторыю. Я лічу, што гэта вельмі важна. А таксама прыцягнуць увагу маладых аўтараў, якіх цяпер проста процьма зьявілася, дзякуючы сучаснай лічбавай тэхніцы. Каб задумаліся, што ня толькі прыгожыя малюнкі можна рабіць гэтай камэрай, але ж і працаваць над нейкай тэмай».

Коласаўская выстава будзе працаваць у Нацыянальным музэі да 9 верасьня. А бліжэй да дня нараджэньня паэта яна пераедзе на Стаўбцоўшчыну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?