У Рэдакцыю «Нашай Нівы» паскардзіўся работнік ААТ «Мяжаны» Браслаўскага раёна.
«2 мая быў дзень заробку, але мясцовыя ўлады і кіраўніцтва гаспадаркі вырашылі, што на вёсцы грошы не патрэбныя. Таму
наяўнымі выплацілі толькі 30%. Астатнюю частку прапанавалі забіраць прадукцыяй Глыбоцкага мясакамбіната (кілбасы) альбо закупацца ў мясцовым магазіне РАЙСТА.
Адзначу, што людзі трымаюць сваю гаспадарку, і тая прадукцыя мясакамбіната нікому не трэба».
«Усе гаспадаркі так працуюць, якія маюць запазычанасць па заробках, — расказала нам дырэктарка «Мяжанаў» Вольга Балочка. — А які ўнёсак зрабіў гэты работнік? Астатнія не скардзяцца — разумеюць сітуацыю. Гэта першы месяц так атрымалася. Даілі кароў толькі па 5 літраў, здавалі другім гатункам... Цяжкая сітуацыя. Прадукцыю ніхто не бярэ — мясакамбінаты заваленыя. Грошы браць няма ад каго. Гэта па ўсёй вобласці такая сітуацыя».
Ці зменіцца сітуацыя з наступнага месяца?
«Пакуль працуем уцёмную: будзе запатрабаваная наша прадукцыя — будуць грошы, не будзе запатрабаваная... Бюджэтных грошай не далі на запчасткі — трэ' было за свае пускаць тэхніку ў поле. Будзем спадзявацца, што сітуацыя зменіцца: надзея памірае апошняй».
ААТ «Мяжаны» спецыялізуецца на развядзенні племянных трусоў. Пазіцыянуецца як адзінае сельскагаспадарчае дзяржаўнае прадпрыемства такой скіраванасці.Там утрымліваецца каля 3 тысяч асобінаў 14 еўрапейскіх парод. Закупалі ж трусак у Латвіі, Нарвегіі, Славакіі.
Ад Рэдакцыі. Па-чалавечаму зразумець кіраўніка гаспадаркі можна. Сапраўды, калі няма грошай, то адкуль іх узяць. Можа нават гэта і ахвярнасць пэўная: знайшлася схема, па якой работнікаў не пакідаюць без кавалка хлеба. Маглі ж проста не выплаціць грошы. Але і гэта не выхад. Асабліва на фоне заяў Лукашэнкі пра мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі, якая ідзе «ўжо дзве пацягодкі. Мы туды ўклалі 40 млрд даляраў». Каля трасаў — бляск, на месцах — разруха. Выпадак на Браслаўшчыне не адзінкавы. Нашы чытачы паведамляюць пра падобную практыку ў Мёрскім і Глыбоцкім раёнах.
Каментары