Аджарыя, ці Аджара, як называюць той край самі яе жыхары — выключэньне з правілаў. То бок выключэньне з нашых уяўленьняў пра Каўказ. Адгароджаная з трох бакоў высачэзнымі гарамі Малога Каўказу, а з чацьвертага боку — морам, Аджара — самае цёплае месца ў гэтых шыротах у сьвеце. Нават зімою паветра тут блізу + 10. А ўлетку блізу + 30. Тэмпэратура й атмасфэрны ціск мала вагаецца нават уначы. Неабсяжныя цытрусавыя сады й эўкаліптавыя прысады гэтак насычаюць паветра, што дыхаецца тут, як у вялікім інгалятары. Ёсьць тут і ўнікальныя пляжы Супсы, з магнэтытавым пяском… За савецкіх часоў сюды штолета прыяжджала пад мільён (!) людзей…

Субтропікі і сьнежныя вяршыні

Але гэтым разам я дазнаўся, што ў тутэйшых горных раёнах, што складаюць дзьве траціны тэрыторыі Аджары, сьнег ляжыць ажно сем месяцаў! А старыя эўкаліптавыя прысады былі закладзеныя тут, каб змагацца з букетам хваробаў, на якія пакутавалі жыхары прыбярэжных раёнаў, што былі суцэльнаю малярыйнаю багнаю яшчэ сто гадоў таму. І ўвесь гэты кліматычны цуд — створаны рукамі. І да сёньня раён мястэчка Чакві лічыцца адным з самых вільготных месцаў плянэты, дзе ў пачатку ХХ ст. адзін кітайскі навуковец упершыню ў тагачаснай Расейскай імпэрыі разьвёў новыя гатункі чаю, дзеля чаго былі прывезеныя работнікі з… Грэцыі. А тутэйшае некранутае балота Іспані ўнесенае ў сьпіс сусьветнае спадчыны.

Яго можна ўбачыць проста зь цягніка, калі ён паварочвае, нарэшце, у бок мора. У дрыготкай вільготнай смузе разьлягаецца непралазная багністая маса, што жыве сваім слотным жыцьцём, нібы акі¬ян Салярысу.

Пасьля за вакном зьявіцца закінуты старажытны горад Петра, на высокай паўвысьпе над морам, ля мястэчка Цыхісдзыры. Некалі тут сыходзіліся шляхі з Каўказу ў Бізантыю.

Да нядаўняга часу ўваход сюды быў забаронены. Як і ў бальшыню іншых куткоў Аджары.

Пры канцы 1980‑х мяне зь сябрамі разьвярнулі на выезьдзе з Батумі. Дзьве траціны аўтаномнай рэспублікі былі наглуха закрытыя ад сьвету — памежная зона. Міжволі згадалася тут, як у 1930 годзе адсюль імкнуўся прабрацца ў вольны сьвет Алесь Змагар, уцёкшы зь Менску.

Хелвачаурскі, Кедзкі, Хулойскі й Шуахеўскі раёны толькі цяпер адкрыліся для гасьцей.

«Тут расеец стаяў! Шлягбаўм быў. А ў мяне там бацькі пахаваныя», — з горыччу распавядае выпадковы спадарожнік. Нельга было сюды патрапіць без спэцдазволу нават з батумскай прапіскаю. Цяпер можна.

Першыя госьці

Гасьціннасьць простых людзей у гэтых малалюдных і чыстых мясьцінах проста зачароўвае. У райцэнтры Кеда на 800 дамоў 80 крамаў… Запытаўся ў першага маладога чалавека ў форме мытніка, які быў нам спадарожнікам ад Батумі, дзе тут можна пад’есьці… «У мяне!» — адказаў ён. Праз паўгадзіны мы ўжо ся¬дзелі за вялікім сталом, разглядалі сямейныя альбомы. Бацькоўская кватэра нашага знаёмца напаўнялася людзьмі. Такія госьці, як мы, тут яшчэ вялікае дзіва. «Аксана! Тут да нас твае землякі зь Беларусі прыехалі!» Аксана аказалася старой украінкаю з‑пад Адэсы: «Як я буду гаварыць па‑ўкраінску, вы ж усё зразумееце?» Прыйшла й старая расейская кабетка Лена зь ярка‑блакітнымі вачыма. «Не шкадуеце,— спытаўся,— што сюды пераехалі?»

«60 гадоў не шкадавалі, а цяпер ужо што гаварыць…»

Старыя, Аксана зь Ленаю, шпарка гавораць па‑грузінску, міжсобку ў тым ліку…

Палова людзей не гавора па‑расейску наагул.

Агульны сьмех выклікала спроба перакласьці маё прозьвішча на грузінскую: «Харэ» — муж каровы! Бык!»

Горы зялёным мурам схіліліся над мястэчкам. Машынаў тут мала. Сіпяць пырскамі порсткія рэкі.

У райцэнтры Кеда ёсьць выдатны этнаграфічны музэй, вялікі прыдарожны крыж, помнік землякам, якія не вярнуліся з апошняе вайны, і мэмарыял забітым савецкімі амонаўцамі 9 красавіка 1989 году ў Тбілісі 16 юнакам‑патрыётам.

Мячэты не для чужых

А вось дзе ў Кедзе мячэт, урэшце, так і не паказалі… Маўляў, туды толькі старыя ходзяць. «Сяргей — расейскае імя. А ў мяне грузінскае — Ахмэт!» — кажа стары інжынэр‑электрык на ГЭС у Махунцэці.

Ён таксама паўтарыў школьныя ісьціны, завучаныя за партаю, пра спрадвечную праваслаўную веру. Толькі пасьля, захапіўшыся, спадар Ахмэт распавёў, што ў ягоным родным горным сяле мячэт прыгожы, старажытны…

Аджары — пераважна мусульмане. Але не імкнуцца гэтага афішаваць. Стаўленьне да веры тут супярэчлівае. Тут, паводле хрысьціянскае традыцыі, у старажытным горадзе‑крэпасьці пахаваны эвангеліст Матвей… Але й іслам у Аджару патрапіў раней, чым куды на Каўказ. Цяпер стаўленьне да ісламу ў Аджары нагадвае стаўленьне да грэка‑каталіцызму ў Беларусі. З аднаго боку, з савецкіх часоў, у школьных падручніках роля ісламу ў гісторыі Грузіі трактуецца нэгатыўна й прадузята. Рыхтык як у нашых савецкіх падручніках роля Уніі. А зь іншага боку, іслам у VIII ст. вярнуў сюды антычную спадчыну, філязофію, астраномію, паэзію й прынёс самыя перадавыя на той час тэхналёгіі вытворчасьці й дойлідзтва.

Усе згодныя, што ўсходняе хрысьціянства — самая старажытная вера грузінаў, ад ІІ ст., для Рэканкісты й злучэньня краіны нацыянальная грузінская царква была выключна важным чыньнікам, дзякуючы якому ацалела й мова й пісьменнасьць і сам нацыянальны дух, але пазьней іслам вярнуўся ў Аджару й ад XVI стагодзьдзя тут панаваў, што зусім не зашкодзіла аджарам захаваць сваю грузінскасьць.

Забраўшыся ў горную вёску, сеў пагутарыць з купкай тамтэйшых мэханізатараў. «А дзе ў Вас тут мячэт?» — пытаюся. Мае суразмоўцы на хвіліну прымоўклі, зьдзіўлена разглядаючы мяне. «А Вы знаёмыя з нашымі традыцыямі… Ну, там у нас толькі старыя цяпер». Ізноў жаданьня ўпусьціць у свой сьвет тубыльцы ня выявілі, прапанаваўшы пайсьці лепей за стол. Ну хоць бы кавы папіць!

Цяперашняя ўлада сьвядома хавае ісламскасьць Аджары. Вы ня знойдзеце інфармацыі пра тутэйшыя мячэты ні на турыстычных мапах, ні ў буклетах… Хоць пра хрысьціянскія цэрквы, нават пра самыя нязначныя, толькі што збудаваныя, абавязкова ёсьць указаньні. З аднаго боку, памкненьне Грузіі замацаваць сваю ідэнтычнасьць на мяжы зь вялізарнай Турцыяй, цалкам зразумелае, але зь іншага — гэта стварае комплексы.

На пытаньне, ці Вы аджар, сёньня можна пачуць: «Не! Я хрысьціянін!»… Аднак сьвініны ў рэстарацыях па‑ранейшаму ня знойдзеш.

Летась была створаная Мусульманская дэмакратычная партыя Грузіі, што мае бараніць правы мяншыняў, што вы¬знаюць іслам. Паводле іхных, неафіцыйных, ацэнак, такіх у гэтай краіне кожны чацьверты.

Цёплы хлеб

Неад’емная частка рацыёну ў Аджарыі — цёплы хлеб, халодная вада й горнае паветра. Скажу шчыра, я добра схуднеў за час свайго падарожжа. Ежа ў Аджары вельмі смачная, але… лёгкая. Пікантны сыр — нятлусты, салата — ва ўласным саку, хлеб — праснак… Ні тлушчу, ні сьмятаны, ні масла… Але лазіць па гарах, купацца ў моры ці вадаспадах усё адно даводзілася.

Стол пад вадаспадам

Вось гэтак прыблукаў пад вадаспад, што ў лесе, на краю мястэчка Махунцэці, а там чакаў… накрыты стол: віно, кры¬нічная вада, хлеб, зяленіва. На чысьцюткім абрусе талеркі, шклянкі, збаны. Нейкі сон. Адпачыў ды пайшоў шукаць, каму дзякаваць. У выніку пазнаёміўся з тузінам людзей. Пачуў тузін гісторыяў. Хто ставіць той стол, не разабраўся. Але сэрца напоўнілася забытымі й прыгожымі пачуцьцямі. Як у юнацтве.

Першыя тосты ў Аджарыі заўсёды «За Бога і за мір». Тосты тут на дзіва прыгожыя й цікавыя. Выходзяць цэлыя прыпавесьці.

Дарэчы сказаць, за два тыдні нам не сустрэліся п’яныя людзі на вуліцах. Нідзе й ніколі ніхто тут ня будзе піць з рыльца на вачах у людзей. Дзясяткі тысячаў цьвярозых маладых людзей па вечарах танчаць, гуляюць у баскетбол ці футбол, купаюцца ў моры, мілуюцца на залітых агнямі батумскіх бульварах пад шатамі магноліяў.

Унікальныя віны

За стагодзьдзі асманскага панаваньня грузіны‑аджары, хаваючы ад ісламскіх уладаў свой вінаград у горных лясах, дасягнулі выбітных вынікаў. Адметнасьць тутэйшага вінаградарства — высотныя пляцістыя гатункі лазы. У Аджарыі расьце тузін тутэйшых гатункаў вінаграду, што не растуць больш нідзе: чхвэры, мекрэнчхі, цхэніс дзудзу, брола, сацуры, харыствала… Гонарам тутэйшых вінаробаў ёсьць Кедзкі вінзавод, дзе вырабляюць шэдэўр «Кедзкі цолікауры», зь дзіўным водарам ружаў. Тутсама вырабляюць унікальнае віно з тутэйшага гатунку чхавэры. Горцы лічаць яго лекавым і п’юць па каўтку. За савецкіх часоў пра тутэйшыя віны ведалі адзінкі. Цяпер іх зможа ацаніць кожны. Хто дабярэцца ў тыя далёкія горы…

Кухня ў Аджарыі, апроч агульна¬грузінскіх брэндаў, кшталтам вострага, духмянага супа‑харчо, пяшчотнага сацыві (заліўнога з арэхаў і курынага мяса), сачыстых хінкалі, мае шмат рэ¬гіянальных адметнасьцяў. Гэта, перадусім, аджарскі хачапуры зь вясковае печы — пышны пірог з сырам, вяршкамі й яечняй, усьмятку ў сярэдзіне. Есьці гэта відэльцам немагчыма, толькі рукамі… А таксама барано з запечанага сыра, малака й яйкаў. І ачма — слаёны пірог з двума гатункамі сыру й галушкамі.

Порта франка

Батумі пераўтварыўся ў вітрыну Грузіі. Пусьцілі ў паветра ўсё, што нагадвала тут пра савецкасьць: вялізарныя шэрыя спаруды гатэлю «Мэдэя» і вайсковага шпіталю, што займае вялікі квартал проста ў цэнтры гораду, помнікі Леніну й Сталіну ды драбнейшым катам. А вось дом‑музэй Сталіна пакінулі, дзеля гістарычнае праўдзівасьці. Толькі цяпер у Батумі ёсьць і музэй Альфрэда Нобэля, які меў тут офіс. Ды яшчэ тузін выдатных музэяў і галерэяў. Хочаш паглядзець шкілет кіта ці карціну Пірасмані, унікальную антычную кераміку, што вылавілі ў тутэйшых водах — калі ласка!

Адзін з самых цікавых музэяў — музэй дойлідзтва Аджарыі пад адкрытым небам. Тут, у падсьветленых шкляных скрынях, як у акварыюмах, выстаўленыя макеты самых адметных спарудаў тутэйшых рэгіёнаў… Гледзячы на драўляныя санкі, пад пальмаю, прыгадваеш калярытныя расповеды горцаў пра свой сьнежны край…

Цяпер на краю горада расчышчаныя руіны крэпасьці Тамарцысхе, што была ўзьведзеная тут у Х ст….

Пасьля бясконцае зьмены ўладаў у 1878 г. Батум далучылі да Расеі.

Горад імкліва вырас, дзякуючы бакінс¬кай нафце. Менавіта з Батума нафту з Баку вывозілі на экспарт. Дзеля ажыўленьня бесперашкоднага гандлю тут існаваў рэжым porto‑franco. То бок Батум меў права бязмытнага ўвозу і вывазу тавараў. Гледзячы на тутэйшыя палацы й храмы, гэта можна лёгка ўявіць. Тут дзейнічалі консульствы асноўных эўрапейскіх дзяржаваў. І гэтая наўпростая эўрапеізацыя не прайшла марна. Да сёньня тут дзейнічае славуты тэатар, унівэрсытэт, акіянарыюм, стары цырк, старасьвецкія рэстараны й кавярні.

Старадаўні бульвар, закладзены французамі ў ХІХ ст., да сёньня спраўна служыць. Дзеюць і славутыя некалі тытунёвая, чайная і… кафэінавая фабрыкі. Памкненьне быць эўрапейцамі тут агульнае. Нехта вывешвае сьцяг Эўразьвязу (часам і над дзяржаўнымі ўстановамі), нехта падкрэсьлена паліць францускія цыгарэты, а нехта перапявае італьянскія шлягеры.

Батумцы зьберагаюць кожную драбностку сваёй гісторыі: ад старых чыгунных парэнчаў да мэмарыяльных савецкіх табліцаў дзеячам культуры. На дамах, дзе ў 1918‑1921 гадах былі кансуляты Эстоніі, Украіны, Аўстрыі, цяпер зьмешчаныя мэмарыяльныя табліцы. Гэтак гістарычная памяць становіцца часткаю калектыўнае сьвядомасьці. Так, грузіны адчуваюць сябе эўрапейцамі!

Маленькая Эўропа

І нешта пачынае мяняцца. Там, дзе была савецкая авіябаза — цяпер шыкоўны навюткі аэрапорт. За туркамі сьпяшаюцца армянскія, грэцкія, ізраільскія інвэстары. Толькі казахстанскія інвэстыцыі ў Аджарыю у 2004‑2005 годзе склалі 30 млн даляраў, у 2006 — 200 млн!

Ва ўтульнай літаратурнай кавярні «Literataruli» замаўляем духмяную каву па‑турэцку й шклянку вады са льдом. За вакном душная паўднёвая ноч, што густа патыхае эўкаліптамі, лімонамі й морам. У кавярні‑кнігарні — прахалода. Чалавек, зь якім гаворым, слухае ўважліва й добразычліва… Прынёс кавы. Спытаў, ці добрая. «А якія ў вас сёньня дэсэрты?» «Ня ведаю, ужо ноч… А я піяніст тут»,— адказаў ён і сеў за піяніна. П’ючы духмяную густую каву, згатаваную батумскім піянітам, разглядаючы букіністычныя кнігі на ўсіх мовах, думаецца не пра палітыку ці гісторыю культуры. І не пра клопат, што чакае нас у далёкім паўночным родным краі… Думаецца зусім пра іншае…


Вітрына Чарнамор'я. Бульвар у Батумі

Тыповая гарадзкая забудова

Бераг турэцкі. Мяжа за 14 км. Праезд вольны

Кажуць, тут пахаваны эвангеліст Матвей

Пачостка для падарожных: хлеб, віно, вада, зяленіва

Бананы ў Аджары, што лопухі ў нас

Першая частка замалёвак Сяргея Харэўскага з Рэспублікі Грузія

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0