Ужо 15 гадоў у Расейскай нацыянальнай бiблiятэцы ў Санкт‑Пецярбургу ладзiцца міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Санкт‑Пецярбург i беларуская культура». Сёлетняя была прысьвечана чалавеку, чыё iмя памятаюць нешматлікія спэцыялiсты. Аднак iмя i праца кнiгапiсца Мацея Iванавiча (Мацея Дзясятага) вартыя ўсеагульнай памяцi i прызнаньня. Бо ён — стваральнік першага ў Беларусi зводу кнiг Бiблii, якому сёлета спаўняецца 500 гадоў. Той сьпiс кiрылiчнай славянскай Бiблii захоўваецца ў Санкт‑Пецярбургу.

На пачатку XVI ст. на вялізнай прасторы Ўсходняй Эўропы быў толькі адзiн поўны сьпiс бiблійных кнiг: Генадзеўскі. Створаны ён быў у Ноўгарадзе ў 1499 г. па блаславеньні архiяпiскапа Генадзя. Наяўнасьць поў¬най Бiблii надавала Вялiкаму Маскоўскаму княству (якое толькі далучыла Ноўгарад) аўтарытэт сярод хрысьцiян.

Якраз у той час маскоўскi вялiкi князь Iван III Васiльевiч выдаваў дачку Алену за вялiкага князя літоўскага Аляксандра Казімеравіча.

Падчас заручынаў Аляксандар абяцаў Алену шанаваць, а таксама не чапаць яе праваслаўнае веры. (Алена ж была ўнучкай бiзантыйскага iмпэратара!) Гарантамi слова князя‑каталiка былi яго праваслаўныя падданыя.

Калі празь некалькі гадоў памёр брат Ян Альбрэхт, польскі кароль, Аляксандру перайшло ў спадчыну яго каралеўства. Новага караля ўрачыста каранавалі ў Кракаве. Аднак Алены на каранацыі не было — Папа i польскiя паны былi катэгарычна су¬праць праваслаўнай каралевы. Алена Iванаўна засталася з тытулам вялiкай княгiнi.

Як вялізны недахоп кракаўскі двор разглядаў і адсутнасьць у Алены Iванаўны поўнага сьпісу Бiблii. У ВКЛ на той час зводу кнiг Бiблii на славянскай мове не было: каб выканаць працу, трэба было зьбiраць, а часам i наноў перакладаць тэксты. Мець у дзяржаве поўны пераклад Бiблii было для праваслаўнай Лiтвы момантам прэстыжу. А для караля i вялiкага князя такая кнiга была б важкім аргумэнтам у палiтычнай барацьбе зь цесьцем, вялiкiм князем маскоўскiм. Вырашана было даручыць працу выдатнаму каліграфу Мацею Дзясятаму. Перапiска i аздоба задуманага кодэксу была скончаная празь пяць гадоў, у 1507 г.

Дзесяць братоў — дзевяць манахаў

Пачатак гiсторыi i бiяграфiя стваральніка вядомыя, дзякуючы захаванаму аркушу зь вялікай прыпіскай «Аб напiсаўшым кнiгi сiя». Перапiсчык паведамляе, што ён выхадзец з гораду Тарапца (у 1501 г. адышоў ад ВКЛ да Масквы), а быў ён дзясяты сын у сям’і (ад таго i названы Мацей Дзясяты). Усе дзевяць братоў прыйшлi ў манаства, манахiнямi сталi i тры сястры.

Мацей з гонарам пiша, што сярод іх — iгумен Прадцечанскага манастыра ў Полацку Яўфiмі. На захаваным Полацкім Эвангельлі XIV ст. з манастыра Яна Прадцечы ёсьць укладны запiс, датаваны 1507 г.: «А прі том месьце былі добрые людзі ігоумнъ сьвятого Iвана Еоуфімеі Таропка с брацiею…» Прозьвiшча прадцечанскага iгумена «Таропка» значыць «з Тарапца». Можна меркаваць, што праз брата Мацей быў знаёмы i з палачанінам Францішкам Скарынам: перакладчыкі бiблійных кнiг былi сучасьнікамі і людзьмі аднаго асяродзьдзя.

Лебядзінымі пёрамі

Бiблiя Мацея Дзясятага — 545 аркушаў вялікага (30.7x19.5 см) фармату, яна ўключае Стары і Новы Запаветы. На кожнай старонцы 35 радкоў тэксту, упiсаных так, што застаюцца шырокiя палі. Палі занятыя шматлікімі паметкамі пiсца i ўладальнікаў рукапiсу ў пазьнейшыя часы. Ва ўступе Мацей паведамляе, што гэтыя кнiгi, падобна да пчалiнага сота, «выкладзены ад усіх у адну».

Калiграфiя «Дзесятаглава» ўражвае далікатнасьцю. Почырк Мацея не застаецца нязменным на працягу ўсёй пяцігадовай працы. Часам ён драбнейшы, часам больш грубы (памеры літар 2—3 мм). Гэта залежала ад якасьці атраманту, заточкi лебядзiных пёраў. Прыгожы почырк у спалучэньнi з шырокiмi палямi, раўнамернае чаргаваньне карычневага i чырвонага атраманту робяць вялікае эстэтычнае ўражаньне.

Мацей быў ня толькі выдатным дэкаратарам, але i выключна акуратным i граматным пiсцом. Зробленыя пропускi i апiскi выпраўленыя альбо ў самім тэксце, альбо на полі з чырвоным вынасным значком. Артаграфiя ў розных частках рукапiсу адрозьніваецца, адпаведна артаграфii розных кнiг, выкарыстаных для перапiскi. Царкоўнаславянская мова тэкстаў даволі чыстая, беларускiя асаблівасьцi рэдкiя, але ёсьць. Большай часткай яны прарываюцца ў займеньніках: табе, сабе.

На кантролі ў вялікага князя

Мацей паведамляе ў прыпісцы, што праца была пачатая «ў Вільні, пры вялікім князі Аляксандры, быўшым каралём Польскім, вялікім князем Літоўскім, Рускім, Жамойцкім, а мітрапаліце кiеўскім і Усяе Русi Iёне, а ваяводзе Віленскім Мікалаі Радзі¬вілу…», а закончаная «ў манастыры Прачыстая Дабравешчаньня, называным Супрасьль у дзяржаве Аляксандра Хадкевіча». Заўважым: Мацей ставiць вялiкакняскi тытул гаспадара на першае перад каралеўскiм месца.

Далей Мацей паведамляе, што меў магчымасьць пачаць працу дзякуючы пісару вялікага княства літоўскага Фёдару. Згадка ў адным шэрагу пра вялiкага князя i пicapа, у якога Мацей для працы над кнiгай «іспрасіх… от службы покоя», падаецца невыпадковай. Малаверагодна, каб пicap бязь ведама мiтрапалiта i вялiкага князя, у якога быў за сакратара, даручыў складаньне зводу бiблійных кнiг.

Хто ж быў той Фёдар? Верагоднай падаецца кандыдатура Фёдара Янушавiча, сына Янушка, які быў пiсарам i каралеўскiм сакратаром у 1486—1507 г. Фёдар названы «пісар былы» — ужываньне формы «былы» можна патлумачыць як паказаньне на тое, што чалавек яшчэ жывы, у адрозьненьне ад «кароль быўшы». Бо ў 1506 г., нечакана, ва ўзросце 46 гадоў, памipae вялiкi князь Аляксандар (хадзілі чуткі, што ён быў атручаны). На пасад уступае Жыгiмонт I, далёкі ад таго, каб падтрымлiваць пачынаньнi праваслаўных падданых.

Пасьля сьмерцi караля Мацей Дзясяты, карыстаючыся апякунствам магната Аляксандра Хадкевiча, пераехаў у Супрасьльскi манастыр, каб закончыць кнiгу. Магчыма, у той самы час, Мацей Iванавiч навучаў сына Хадкевiча — Рыгора Аляксандравiча, будучага ствараль¬ніка Заблудаўскай друкарнi i апекуна Пятра Мсьціслаўца і Iвана Фёдарава…

Ад Бібліі ўладароў да Бібліі мяшчанаў

Шыкоўны кодэкс заставаўся ў далёкім Супрасьлі, згубленым сярод Блудаўскай пушчы. У перапiсе маёмасьці ад 1668 г. ёсьць «Дзесятаглаў з пуклямі медзянымі пазлацонымі». Пераплёт да нашага часу не захаваўся. У XIX ст. рукапiс вывез з Супрасьлю выкладчык Жыровiцкай сэмiнарыi Павал Дабрахотаў, а ў 1911 г. кнiга перайшла ў бiблiятэку Пецярбурскай акадэмii навук.

Празь дзесяць гадоў пасьля Мацея Дзясятага Францішак Скарына Бiблiю надрукаваў. Перакладчыцкая i выдавецкая дзейнасьць Скарыны ажыцьцяўлялася для мяшчанаў i на iх сродкі: у прадмовах i пасьляслоўях ён толькі аднойчы ўспамiнае сьвецкую i нi разу — царкоўную ўладу. Адзiн гэты факт паказвае, наколькі розьні¬ліся пазыцыi беларускага першадрукара i яго сучасьніка — кнiгапiсца.

Ужо шмат гадоў навукоўцы абмяркоўваюць пытаньне пра факсымiльнае выданьне «Дзесятаглаву» — яно ня толькі забясьпечыла б унiкальнай першакрыніцай гiсторыкаў мастацтва i дасьледчыкаў славянскай бiблiiстыкi, але i ўпрыгожыла б любы бiблiяфiльскі кнiгазбор цудоўным — каралеўскiм — кодэксам эпохi Рэнэсансу. Пакуль жа пяцiсотгадовы юбiлей Бiблii Мацея Дзясятага адзначаны толькі малатыражным насьценным календаром, выдадзеным у Менску. Месца ў шэрагу факсымiльных узнаўленьняў шэдэўраў кнiгi, якія бытавалi ў сярэднявеччы на беларускiх землях, пакуль не занятае.

Мікола Нікалаеў, Санкт-Пецярбург

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0