У Германіі пачаўся суд над сяброўкай неанацысцкай групоўкі, 38-гадовай Беатай Чэпе, якую абвінавачваюць у забойствах на расавай глебе, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Беату падазраюць у прыналежнасці да неанацысцкай тэрарыстычнай арганізацыі «Нацыянал-сацыялістычнае падполле» (NSU), на рахунку якой забойствы 10 чалавек, пераважна выхадцаў з Турцыі.
У выпадку прызнання яе віны, Беата можа атрымаць пажыццёвы тэрмін, аднак яе адвакаты настойваюць, што яна не датычная да забойстваў.
Раней паліцыя падазравала ў забойствах турэцкую мафію.
У панядзелак Беата Чэпе паўстала перад судом Мюнхена. Яе абвінавачваюць у датычнасці да забойства васьмярых этнічных туркаў, імігранта з Грэцыі і супрацоўніцы нямецкай паліцыі ў перыяд з 2000 па 2007 гады. Чэпе падазраюць таксама ў тым, што яна была адным з заснавальнікаў ячэйкі NSU. Акрамя таго, на яе ж ускладаюць адказнасць за ўдзел у 15 узброеных рабаваннях, падпале і замаху на забойства з дапамогай двух выбуховых прыстасаванняў.
На думку пракурораў, мэтай паказальных забойстваў было распаўсюдзіць паніку сярод імігрантаў і прымусіць іх пакінуць Нямеччыну.