Урад Беларусі пастановай нумар 340 ад 30 красавіка вызначыў пералік дарог, на якіх з 1 ліпеня гэтага года будуць спаганяць плату за праезд транспартных сродкаў праз адпаведную электронную сістэму, паведамляе БЕЛТА.

Платнымі стануць 815 км дарог краіны. Гэта датычыцца ўсёй працягласці аўтамагістралі Брэст (Казловічы) — Мінск — мяжа Расіі (Рэдзькі), а таксама асобных участкаў аўтамабільных трас М-2 Мінск — Нацыянальны аэрапорт Мінск, М-3 Мінск — Віцебск, М-4 Мінск — Магілёў, M-5/Е 271 Мінск — Гомель і M-6/Е 28 Мінск — Гродна — мяжа Польшчы (Брузгі).

Пастановай нумар 340 у цэлым зацверджана палажэнне аб парадку спагнання платы за праезд аўтамабіляў па платных дарогах Беларусі і ўнесены дапаўненні і змяненні ў некаторыя пастановы ўрада Беларусі. Так, у прыватнасці, Транспартнай інспекцыі Мінтранса прадпісана кантраляваць выкананне карыстальнікамі платных аўтадарог устаноўленага заканадаўствам парадку спагнання збораў за праезд.

На службовых асоб інспекцыі ўскладваюцца паўнамоцтвы па прыняццю рашэнняў аб блакіроўцы колаў, затрыманні і эвакуацыі транспартных сродкаў на ахоўную стаянку ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Міністэрства транспарту і камунікацый па ўзгадненню з Мінфінам абавязаны ў месячны тэрмін устанавіць парадак акруглення платы за праезд па платных аўтамабільных дарогах, у тым ліку ў павялічаным памеры, і залогавага кошту ўсторойства электроннай аплаты. Рэспубліканскія органы дзяржкіравання ў тыя ж тэрміны павінны прывесці свае нарматыўныя акты ў адпаведнасць з пастановай нумар 340, якая ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Як паведамлялася раней, аўстрыйская кампанія Kapsch TrafficCom AG, што выступае ў якасці інвестара, усяго накіруе больш як 267 млн еўра на рэалізацыю праекта стварэння ў Беларусі электроннай сістэмы BelToll, якая пачне работу з 1 ліпеня.
Інвестдамова прадугледжвае, што пасля здачы інвестарам у эксплуатацыю кожнай чаргі абсталявання, яно прымаецца ва ўласнасць Беларусі.
Згодна з указам нумар 426 ад 27 верасня 2012 года ад платы за праезд па некаторых беларускіх аўтатрасах будуць вызвалены транспартныя сродкі, якія зарэгістраваны на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц Мытнага саюза, з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш як 3,5 т.
Бясплатна змогуць праехаць мапеды і матацыклы, зарэгістраваныя ў Беларусі, калёсныя трактары і самаходныя машыны, транспартныя сродкі аператыўнага прызначэння, а таксама тыя, што выкарыстоўваюцца ў мэтах забеспячэння абароназдольнасці і правапарадку. Не трэба будзе плаціць вадзіцелям маршрутак для гарадскіх перавозак пасажыраў, аўтамабіляў, што прымяняюцца для аказання медыцынскай дапамогі, ліквідацыі надзвычайных сітуацый або перавозак грузаў гуманітарнай дапамогі насельніцтву Беларусі і іншых краін.
Памер платы за праезд устаноўлены і вагаецца ў залежнасці ад дапушчальнай агульнай масы транспартнага сродку і колькасці восей, складаючы ад 0,04 да 0,12 еўра за 1 км.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?