У Беларусі сёлета не плануецца выплачваць ветэранам аднаразовую грашовую дапамогу да Дня Перамогі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 7 мая намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак. У той жа час, паводле яго слоў, такія выплаты магчымыя з боку прадпрыемстваў, на якіх працавалі ветэраны.

Намеснік міністра таксама паведаміў, што аднаразовыя грашовыя выплаты для ветэранаў рыхтуюцца ў наступным годзе — да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Паводле слоў намесніка міністра, сёння ў Беларусі для ветэранаў дзейнічаюць надбаўкі да працоўнай пенсіі, якія складаюць ад 50 да 500% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (МПУ). Так, Героям Савецкага Саюза і асобам, узнагароджаным ордэнам Славы трох ступеняў, належыць 500-працэнтная надбаўка, інвалідам I і II груп — 400% МПУ, інвалідам III групы і ўдзельнікам вайны — 250% МПУ, блакаднікам Ленінграда — 100% МПУ, узнагароджаным працаўнікам тылу — 50% МПУ.

Акрамя таго, да пенсій інвалідаў I групы ўстаноўлена надбаўка на догляд у памеры 100% МПУ, асобам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, — 50% МПУ. Непрацуючым пенсіянерам, якія атрымліваюць пенсію ў органах па працы, занятасці і сацабароне, пры дасягненні 75-гадовага ўзросту належыць узроставая даплата ў памеры 75% МПУ, 80-гадовага ўзросту — 100% МПУ.

Паводле слоў Румака, сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў маі гэтага года склаў: у інвалідаў вайны — 3,38 млн. рублёў, у ветэранаў вайны — 2,94 млн. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?