Больш за 100 прадпрымальнікаў узялі ўдзел у стыхійным мітынгу, у які вылілася спроба падатковых органаў канфіскаваць партыю тавару ў адной з крамаў на рынку ў Ждановічах.

19 жніўня падатковыя органы праводзілі на рынку рэйдавую праверку. У ходзе праверкі адной з крам, што размешчана на трэцім паверсе гандлёва‑выставачнага цэнтра «Свет моды — 3» і гандлюе футрамі, прадавец не змог прад’явіць работнікам падатковых органаў адзін з дакументаў. Сярод папер, якія ім былі прад’яўлены для праверкі, нібыта не было дазволу ад імя ўладальніка тавару рэалізоўваць яго прадаўцом або крамай, паведаміў БелаПАН адзін з прадпрымальнікаў — удзельнікаў інцыдэнту. Кантралёры заявілі, што ў сувязі з гэтым увесь тавар, які знаходзіцца ў краме, — прыкладна на 100 тысяч долараў, — падлягае вопісу і будзе канфіскаваны. Словы гандляроў аб тым, што яны не ведалі аб новаўвядзенні, не падзейнічалі на іх.

Гэта выклікала бурны пратэст гандляроў трэцяга паверха выставачнага цэнтра, дзе размешчаны крамы скураных і футравых вырабаў. Людзі, якія сабраліся вакол кантралёраў, выказвалі сваё абурэнне гэтым «бязладдзем». Іх падтрымалі гандляры і прадпрымальнікі з іншых паверхаў «Свету моды». У выніку на трэцім паверсе гандлёвага цэнтра сабралася каля 100 чалавек, для якіх інцыдэнт стаў падставай расказаць прадстаўнікам улады аб сваіх праблемах. У прыватнасці, яны заявілі, што падатковыя і іншыя органы кантролю вядуць сапраўдную вайну з прадпрымальнікамі, не інфармуюць іх аб зменах заканадаўства, пастаянна ўводзяць новыя патрабаванні ў справаздачнасці, канфіскоўваюць тавар.

У выніку да месца стыхійнага мітынгу прыбылі супрацоўнікі міліцыі і яго ўдзельнікі мусілі разысціся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?