Чэмпіянат прайшоў у Магілёве 28 і 29 красавіка. Сёлета мерапрыемства сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў — 155.

Многія звязваюць з’яўленне «качкоў» на сцэне з 90-мі гадамі. Аднак самы першы ў Беларусі чэмпіянат, тады яшчэ БССР, па культурызму прайшоў у Магілёве аж у 1982. Тады спаборніцтвы называлі іначай — «атлетычная гімнастыка».

Большасць людзей грунтуе сваё меркаванне пра бодзібілдынг на стэрэатыпах. Напрыклад, што бодзібілдары «напампоўваюць» мышцы атрутнай хіміяй. «Ведаеце, вадой таксама можна атруціцца», — парыруе Мікалай Куцапалаў, галоўны арганізатар спаборніцтваў, адзіны беларускі суддзя міжнароднага класа.

Бодзібілдары, кажа ён, — гэта сур’ёзныя хлопцы, якія дабіваюцца выніку за кошт неверагоднай самааддачы і працаздольнасці. Напрыклад, сёлетні абсалютны чэмпіён Беларусі, Сяргей Косцель з Наваполацка, два месяцы перад чэмпіянатам займаўся «сушкай» — спальваў тлушч, каб дасягнуць бездакорнага мышачнага рэльефу. «Сушка» — гэта строгая нізкавугляводная дыета, сапраўднае выпрабаванне для цела і духу. І праходзіць яго даводзіцца не толькі мужчынам.

>Падчас фатаграфавання Таццяна, віцэ-чэмпіёнка па бодзіфітнесу (так называецца жаночы бодзібілдынг) са стомленай усмешкай рэагуе на слова «чыз»: «Ура, цяпер можна будзе есці: і «чыз», і зефір!»

Жаночы бодзібілдынг — спрэчная тэма. Наколькі прывабная «накачаная» кабета? «Прыгожае і прапарцыйна развітае цела выглядае эстэтычна і па-жаноцку», — лічыць чэмпіёнка Беларусі Ганна Малярова.
Але, па яе словах, жанчыне, якая вырашыла займацца сур’ёзна, важна разумець розніцу паміж «прыгажосцю» і «залішняй мышачнай масай».
У чым мужчыны-бодзібілдары дакладна пераўзышлі жанчын, дык гэта ў выкарыстанні грыму. Гаворка пра спецыяльную танальную алейную афарбоўку для цела, якая наносіцца перад выступам, каб падкрэсліць рэльефнасць цягліц.
Грыміравацца бодзібілдару дапамагае трэнер ці, як часта можна ўбачыць, каханая дзяўчына.

Самі спаборніцтвы — захапляльны і інтрыгуючы працэс. Удзельнікі змагаюцца ў індывідуальнай праграме, пасля ўсе разам выходзяць на сцэну перад суддзямі. За лёгкасцю пазіравання — месяцы падрыхтоўкі і моц духу.

Сапраўдная драма разгортваецца на сцэне, калі спартовец працягвае выступленне праз боль ад нечаканай курчы, калі ад каласальнай напругі «цячэ» грым, ці калі ўдзельнікі чакаюць судзейскага вердыкту... За гэтым нельга назіраць без суперажывання.

«...Саня, ты ж цэлы год займаўся прысяданнямі — працуй, працуй лепш!» — гучыць з залы. Падбадзёрванне — важны элемент спаборніцтваў. У сучасным бодзібілдынгу дазваляюцца і нават заахвочваюцца выкрыкі і авацыі.
Шкада, што поўная зала магілёўскага Дома дзіцячай творчасці чамусьці амаль увесь час сядзела моўчкі.

Крыху ажывіліся гледачы толькі падчас фенаменальнага паказальнага выступу Аляксея Шабуні, сапраўднага беларускага волата, спартоўцы міжнароднага ўзроўню. Каб раскатурхаць аўдыторыю, Аляксею давялося спусціцца да гледачоў у залу.

Але ж для сапраўднага развіцця бодзібілдынгу трэба, каб было наадварот — каб звычайныя людзі прыходзілі ў залу. Трэнажорную.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?