Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў праінфармаваў міністра замежных спраў Чэхіі Карла Шварцэнберга аб узмацненні націску на беларускіх палітвязняў. Сустрэча Саннікава, былога палітвязня, памілаванага Аляксандрам Лукашэнкам год таму, з кіраўніком чэшскага МЗС адбылася ў Празе 10 мая.
«Мне вельмі важна было сустрэцца са Шварцэнбергам — найбліжэйшым сябрам і паплечнікам Вацлава Гавала, які з усіх еўрапейскіх міністраў, бадай, лепш за ўсё разумее той перыяд, які сёння перажывае Беларусь», — заявіў Саннікаў у інтэрв’ю сайту charter97.
Паводле слоў апазіцыйнага палітыка, падчас сустрэчы ён падкрэсліваў, што Еўропе сёння «вельмі неабходна ўспомніць пра каштоўнасці, пра тую маральнасць і салідарнасць, якая існавала ў 80-я гады мінулага стагоддзя і якая дазволіла вызваліць Усходнюю Еўропу ад таталітарызму».
«Мы шмат гаварылі пра палітзняволеных. Склалася абсалютна непрымальная сітуацыя, калі Еўрапейскі саюз пайшоў на прамыя кантакты з прадстаўнікамі дыктатарскага рэжыму пры тым, што становішча палітзняволеных пагаршаецца з кожным днём. Еўрапейскія эмісары, якія прыязджалі ў Беларусь апошнім часам, заяўлялі пра хуткае вызваленне вязняў сумлення, але дагэтуль ніхто не вызвалены, і з турмаў і калоній працягвае паступаць трывожная інфармацыя пра ўзмацненне націску на людзей», — паведаміў Саннікаў. Ён таксама праінфармаваў Шварцэнберга пра тое, што ў Беларусі працягваюцца затрыманні і арышты грамадскіх актывістаў і журналістаў незалежных СМІ.
На сустрэчы абмяркоўваліся таксама магчымыя варыянты еўрапейскай палітыкі напярэдадні саміта Усходняга партнёрства. «
Міністр Шварцэнберг запэўніў мяне, што для Еўрапейскага саюза па-ранейшаму прынцыповым застаецца пытанне аб вызваленні палітзняволеных», — сказаў Андрэй Саннікаў. Нагадаем, зараз Мінск і Брусель вядуць кансультацыі наконт пытання ўдзелу Беларусі ў саміце Усходняга партнёрства, які пройдзе ў лістападзе ў Вільні.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?