У ЕПАРХІЯЛЬНЫМ УПРАЎЛЕННІ ЛІЧАЦЬ, ШТО ТРАДЫЦЫІ ТРЭБА ШАНАВАЦЬ
З гэтаю праяваю першы раз я сутыкнуўся на Кальварыі ў Менску. Трапіўшы на могілкі праз гадоў колькі пасля пахавання Вячаслава Адамчыка, я вырашыў праведаць і магілу пісьменніка. Той рад, у якім знаходзіцца магіла выдатнага навеліста і аўтара «Чужой Бацькаўшчыны», уразіў мяне сваёй незвычайнасцю. Ад старых пахаванняў ён адрозніваецца тым, што надмагільныя помнікі стаяць у каго як: на адных магілах у галавах нябожчыкаў, на іншых — у нагах.
Праз колькі часу я паехаў на радзіму і на могілках ў сельсвецкай вёсцы Малькавічы Ганцавіцкага раёна убачыў такі ж самы разнабой. Як мне патлумачылі, гэтак — у нагах — ставіць помнікі параіў сваякам нябожчыкаў мясцовы бацюшка. Летась такое новаўвядзенне перакінулася і ў маё Задуб’е. Гэта была першая навіна, якую я пачуў вёсцы. Кажучы мне пра бацюшкаву «рэформу», мая інфармантка — сталая патомная баптыстка — не стрымалася, каб не пакпіць і з бацюшкі, і з праваслаўных наогул: «Думаюць, што гэтак хутчэй з Богам стрэнуцца». Не паспеў я прыехаць з Палесся, як адзін добры знаёмец, патэлефанаваў мне і спытаўся: ці не ведаеш ты часам, чаму праваслаўныя святары мяняюць нашу адвечную пахавальную традыцыю?
Паведамляючы мне, што надмагільныя помнікі ў нагах нябожчыкаў пачалі ставіць і ў Аршанскім раёне, мой знаёмец схільны быў бачыць у гэтым новаўвядзенні маскоўскую інтрыгу. Маўляў, нават Іосіф Сямашка са сваімі хаўруснікамі не дадумаўся да таго, каб парушыць наш пракаветны звычай, а папы новай фармацыі... Дасталося і святарам, і віцебскаму ўладыку Дзімітрыю, і экзарху Філарэту.
Вось да ўладыкі Філарэта і вырашыў я звярнуцца. Коратка апісаўшы сітуацыю, я прасіў мітрапаліта аўтарытэтна патлумачыць, чым выклікана гэтае новаўвядзенне. Ці маюцца наконт новага спосабу ўстаноўкі надмагільнага крыжа (помніка) каноны Усяленскіх Сабораў, правілы і запаветы ўсходніх Айцоў Царквы? Ці гэта толькі перайманне практыкі іншых памесных Праваслаўных Цэркваў або практыкі іншых рэгіёнаў Рускай Праваслаўнай Царквы?
Праз пэўны час я атрымаў адказ сакратара Менскага епархіяльнага ўпраўлення пратаіярэя Мікалая Коржыча. Марна шукаў я ў тым адказе спасылкі на каноны Ўсяленскіх Сабораў або запаветы Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова ці Яна Залатавуснага. Значыць, ні Айцы Царквы, ні Макар Александрыйскі, які ўвёў саракавіны, ніякіх запаветаў наконт спосабу ўстаноўкі надмагільнага крыжа не давалі. З блаславаення мітрапаліта Філарэта а. Мікалай напісаў мне, што тая ці іншая практыка ўстаноўкі крыжа не ератычная. І дадаў, што існуе некалькі тлумачэнняў сімволікі ўстаноўкі крыжа. Калі крыж ставяць у нагах, то думаюць, што ўваскрэслы чалавек, устаючы з магілы, глядзіць на крыж і звяртаецца да свайго Творцы. Калі ж крыж стаіць у галавах, гэта азначае харугву, якую панясе чалавек пасля ўваскрасення як сімвал перамогі над сатаной.
Такія тлумачэнні сімволікі ўстаноўкі надмагільнага крыжа, дадзеныя мне, падкрэслю, без спасылкі на неаспрэчныя аўтарытэты. Але самае галоўнае заключаецца, як на маю думку, у яшчэ адным сказе з пісьма а. Мікалая Коржыча. Цытую той сказ у перакладзе на беларускую: «Дзецям Праваслаўнай Царквы варта прытрымлівацца традыцыі, прынятай у тым рэгіёне, у якім яны жывуць».
Добра было б, калі б такую параду а. Мікалай, а яшчэ лепш — сам мітрапаліт Філарэт далі не ў адказе на прыватны запыт, а ў цыркуляры праваслаўнаму духавенству ўсяе Беларусі. Тады ўжо пэўна у асобных нашых грамадзян не было б спакусы бачыць за новаўвядзеннямі асобных святароў замах Масквы на нашы адвечныя традыцыі і звычаі. А пратэстанты не пасмевайліся б і з бацюшак-«рэфарматараў», і з Царквы.