12 мая ў Нью-Ёрку каля 25 беларусаў пікетавалі будынак прадстаўніцтва Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Удзельнікі акцыі пратэставалі супраць планаванага прыезду міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, а таксама патрабавалі ад уладаў неадкладнага вызвалення палітычных вязняў.

Кіраўнік МЗС Макей, які знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі, меўся наведаць Нью-Ёрк дзеля ўдзелу ў сустрэчы высокага ўзроўню ААН па пытанні супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Таксама мелася адбыцца афіцыйная сустрэча з генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам. Аднак у апошні момант стала вядома пра адмену паездкі міністра, які замест ЗША накіраваўся ў складзе працоўнай дэлегацыі Беларусі ў Арменію. Беларусь у Нью-Ёрку прадстаўляе намеснік міністра Рыбакоў, праграма якога, у параўнанні з планаванай праграмай Макея, скарочана да мінімуму — большасць сустрэчаў адмененая.

Тым не менш, нью-ёркскія беларусы вырашылі выказаць сваю нязгоду з супрацоўніцтвам ААН з рэжымам, які ажыццяўляе сапраўдны гандаль людзьмі — выбівае крэдыты і прэферэнцыі ў абмен на вызваленне палітычных вязняў. Пікетоўцы скандавалі: «Не — гандлю з дыктатарам! Не — супрацоўніцтву з дыктатарам!»

У пікеце, які ладзіла арганізацыя «Беларусы ў выгнанні», узялі ўдзел яе кіраўнік Дзмітры Шчыгельскі, старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА) Ганна Сурмач, намеснік старшыні беларуска-амерыканскага альянсу «Пагоня» Яўген Барысевіч ды іншыя актывісты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?