У Ракаве мясцовыя археолагі літаральна на некалькіх хвілінаў апярэдзілі рабочых, што пракладалі трубы непадалёк ад гістарычнага цэнтра мястэчка. Сярод знаходак — ганчарная печка 16‑га стагоддзя, ля 50 кілаграмаў кафлі гэтага самага часу, кніга Торы на ідыш і анёлы, якія, зазначае мясцовы калекцыянер Фелікс Янушкевіч, вельмі падобныя да Зянона Пазьняка.

Янушкевіч якраз і стварыў у Ракаве адзін з адметных турыстычных аб’ектаў — галерыю свайго імя, дзе знайшлі сваё месца і ўласныя карціны, і знаходкі. Прыкладам, фрагменты слуцкіх паясоў ці фісгармонія, што належыла сакратару Адама Міцкевіча, аддадзеныя мясцовымі жыхарамі. Яшчэ Язэп Янушкевіч сцвярджае, што мае самую вялікую ва Усходняй Еўропе калекцыю керамікі. Цяпер яго галерэя папоўнілася цікавымі экспанатамі.

Кажа, што выхапілі іх літаральна з‑пад носу рабочых, што шчыравалі на бульдозеры:

‑ Знайшлі непадалёк ад Рынкавай плошчы. Там не было забудоў, бо на загад кіраўніцтва калісьці ўсе майстэрні павінны былі быць па‑за горадам. Цяпер там пралягае звычайная дарога, а раней ганчарня стаяла. У гэтым месцы знайшлі ганчарную печку. А таксама Торы на ідыш 16‑га стагоддзя. Вельмі шмат кафлі — 50 кілаграмаў гэта ж сур’ёзна! Шмат гербавай кафлі. Недзе каля 25 варыянтаў кафлі, з якімі яшчэ не сутыкаўся. А яшчэ анёлаў, вельмі падобных чамусьці на Зянона Пазьняка, — адзін да аднаго проста.

Наогул жа рабочыя і археолагі знаходзяцца ў адвечным супрацьстаянні. Першым трэба выконваць план ды не замаруджваць працу, другім жа важны кожны каменьчык, асабліва калі гэта тычыцца такіх гістарычных мясцінаў. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які напісаў больш за сотню працаў, прысвечаных археалогіі, раіць мясцовым даследчыкам скарыстацца гэтымі знаходкамі, каб уключыць Ракаў у ахоўную зону. Колісь дзякуючы высілкам аддзелу даследаваньняў на чале з Трусавым пры Беларускім праектным інстытуце ў сьпіс ахоўных зонаў было ўключана 15 гарадоў:

‑ Дазвол на будаўнічыя працы трэба браць толькі, калі мясціна ўзятая пад ахову. Ракаў пад ахову не ўзяты, таму можна рыць дзе заўгодна. Таму задача археолагаў — звярнуцца ў Міністэрства культуры, выклікаць спецыялістаў, паказаць знаходкі ды паставіць задачу, каб гістарычны цэнтр Ракава ўзялі пад ахову.

Алег Трусаў зазначае, што сёння беларуская археалогія перажывае крызіс, якога не было год 30. У прыватнасці, ён крытыкуе дзейнасць Акадэміі навук, дзе, на меркаванне спадара Трусава, засталіся толькі тыя, хто археалогіяй зарабляе грошы. А праблема непадахоўных зонаў культарнага слою ў шматлікіх беларускіх гарадах так і не вырашана:

‑ Вось, напрыклад, Глыбокае не было пад аховай. Там пачалі капаць, выйшлі на будынак часоў Радзівілаў канца 16‑га стагоддзя і разбурылі яго. Такіх прыкладаў — шмат. Справа ў тым, што пад ахову браліся тыя паселішчы, што існуюць з 10‑13‑га стагоддзяў. Больш познія — не браліся. Мы толькі паспелі Мір, Нясвіж зрабілі. А вось Гальшаны, напрыклад, дагэтуль не зробленыя, хоць там вельмі добры культурны слой у цэнтры.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя

Фота radzima.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0