Былы настаўнік фізікі, прадпрымальнік Мар'ян Місевіч любіць нацыянальную сімволіку.

Былы настаўнік фізікі, прадпрымальнік Мар'ян Місевіч любіць нацыянальную сімволіку.

Прадпрымальнік Мар’ян Місевіч павесіў Пагоню на балконе сваёй прыватнай кватэры ў Падсвіллі (Глыбоцкі раён). Праз тыдзень супрацоўнікі ЖКГ уначы замалявалі герб, а на гаспадара кватэры склалі пратакол.

Мар’ян Місевіч распавёў, што 5 мая, а 8-й вечара яшчэ бачыў Пагоню, а 6 мая, а 5-й раніцы яна была замаляваная. Кватэра знаходзіцца на другім паверсе, і для знішчэння герба камунальнікам, верагодна, прыйшлося карыстацца аўтавышкай. Але людзі, якія жывуць побач, нічога не бачылі.

6 мая спадара Мар’яна выклікала Валянціна Пальчанка, старшыня пасялковага савета. Распытвала пра Пагоню, але сказала, што «не ведае», хто яе замаляваў.

Паводле начальніка Падсвільскага ўчастка ЖКГ Анатоля Захарэвіча, прадпрымальнік парушыў арт. 21 ч. 13 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — «Парушэнне архітэктурнага вырашэння фасадаў будынкаў і збудаванняў». Гэты аргумент курам на смех — у Беларусі процьма незаконна перамаляваных балконаў і незаконна зашклёных лоджый, але ніхто не чапае іх гаспадароў.

Відавочна, што палявалі менавіта на герб.

На прадпрымальніка быў складзены пратакол. Яго, верагодна, аштрафуюць.

Пагоня — старажытны беларускі геральдычны сімвал. Уяўляе сабой выяву ўзброенага вершніка на кані. З XIV да XVIII стагоддзя Пагоня была гербам Вялікага княства Літоўскага. Пасля акупацыі беларускіх земляў Расійскай імперыяй Пагоня была гербам Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губерняў. Пагоня была выяўленая і на гербе Дзісненскага павета, куды ўваходзілі тэрыторыі сучасных Глыбоцкага, Мёрскага, Пастаўскага, Шаркоўшчынскага раёнаў.

Падчас актывізацыі нацыянальных рухаў у пачатку ХХ стагоддзя Пагоня (у розных варыянтах адлюстравання) стала гербам Беларусі і Літвы. У 1918 годзе Пагоня ўжывалася як герб Беларускай Народнай Рэспублікі, у 1991–1995 — Рэспублікі Беларусь. У 2009 годзе ўказам прэзідэнта Пагоня была зацверджаная як герб Віцебскай вобласці. Пагоню прымаюць як свой сімвал усе, хто падзяляе ідэі свабоднай, незалежнай Беларусі, незалежна ад сваіх палітычных поглядаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?