Першая ракетка Беларусі Макс Мірны вылецеў з сотні найлепшых тэнісістаў сьвету паводле рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў‑прафэсіяналаў. Цяпер ён займае 105‑ю пазыцыю (тыдзень таму быў 96‑ты). А найлепшым яго дасягненьнем у індывідуальным разрадзе было 18‑е месца роўна чатыры гады таму, у далёкім жніўні 2003 г.
Уладзімер Ваўчкоў займае 770‑е месца, Павал Катляроў — 935, Андрэй Каратчэня — 946‑ты, Сяргей Бетаў — 994‑ы.
У чэмпіёнскай гонцы 2007 г. Мірны на 79‑й пазыцыі. У рэйтынгу найлепшых парных тэнісістаў ён ужо сёмы. У пачатку гэтага году Мірны быў першым. У рэйтынгу пар разам са швэдам Ёнасам Б’ёркманам яны знаходзяцца на восьмым месцы. Яшчэ нядаўна саступалі толькі братам Браянам.
Дарэчы, празь месяц, 21-23 верасьня ў Пэру беларуская зборная згуляе матч плэй-оф за права выступаць у асноўнай групе Кубку Дэвіса. Пакуль вынікі беларускіх тэнісістаў аптымізму не дадаюць.