Расея заявіла, што вышле з краіны супрацоўніка амбасады ЗША ў Маскве Райана Крыстафэра Фогла, якога падазраюць у спробе завэрбаваць супрацоўніка расейскіх спэцслужбаў.

Міністэрства замежных спраў Расеі абвясьціла, што спадар Фогл павінен пакінуць краіну як мага хутчэй. Яго абвясьцілі пэрсонай нон грата.

«Падобныя правакацыйныя дзеяньні ў духу „халоднай вайны“ не спрыяюць умацаваньню ўзаемнага даверу», — заявілі у МЗС Расеі.

Раней расейская Фэдэральная служба бясьпекі паведаміла, што затрымала ў Маскве супрацоўніка ЦРУ: «У ноч з 13 на 14 траўня органы контрвыведкі ФСБ Расеі пры спробе вярбоўкі супрацоўніка адной з расейскіх спэцслужбаў затрымалі кадравага супрацоўніка ЦРУ ЗША Фогла Райана Крыстафэра, які працуе пад прыкрыцьцём пасады трэцяга сакратара палітычнага аддзела пасольства ЗША ў Маскве», — гаворыцца ў паведамленьні ФСБ Расеі.

Прадстаўнік амбасады ЗША адмовіўся камэнтаваць гэтую інфармацыю. Пазьней у сувязі з гэтым затрыманьнем амбасадара ЗША ў Расеі Майкла Макфола выклікалі ў МЗС краіны для тлумачэньняў.

Паводле ФСБ, у затрыманага супрацоўніка пасольства выявілі спэцыяльныя тэхнічныя сродкі, пісьмовыя інструкцыі для расейскага грамадзяніна, якога павінны завэрбаваць, буйную суму грошай і сродкі для зьмены зьнешнасьці, — паведамляе ВВС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0