«НН»: Эдуард Канстанцінавіч, наша месца ў сусветным хакеі сапраўды ў раёне 14—15 месцаў?

ЭЗ: Скажам так, калі такія вынікі паказваюцца ўжо не ў першы раз, то можна гаварыць, што мы страцілі свае былыя пазіцыі.

«НН»: Чаму?

ЭЗ: Гэта і праз аслабленне нацыянальнага першынства, узровень якога падае штогод. На жаль, узровень гульцоў не дазваляе рашаць сур’ёзныя задачы, як, напрыклад, змяніць ход няўдалага паядынку.

«НН»: У сённяшняй зборнай пабачылі нейкія светлыя плямы?

ЭЗ: Найперш брамнік Бялінскі. Адгуляў ён вельмі надзейна. Па­другое, гэта наша лінія абароны. Яна выклікала пытанні. Аднак справіліся са сваёй задачай нашмат лепей за нападаючых.

«НН»: Калі б былі лідары, то можна было разлічваць на лепшы вынік?

ЭЗ: У гульнях з такімі камандамі, як Данія, Нарвегія, пры роўнасці шанцаў на перамогу, шмат што вырашае падрыхтоўка ў пэўны дзень, індывідуальнае майстэрства. Калі гаварыць даступна, то добры кісцявы кідок Андрэя Касціцына мог многае вырашыць.

«НН»: Яшчэ 10 гадоў таму мы былі прыкладна аднаго ўзроўню са Швейцарыяй. Цяпер жа нібыта розныя планеты.

ЭЗ: У 2005 годзе я пачаў працаваць са зборнай. І цяпер параўнайце, колькі за гэты час у нас змянілася не толькі трэнераў, але і вектараў развіцця, і колькі ў швейцарцаў. Тады ўсё стане зразумела. Швейцарцы заточаныя пад мэту, планамерна ішлі да гэтых перамог. У іх не мяняецца стратэгія ў залежнасці ад надвор’я на вуліцы.

«НН»: На хатнім чэмпіянаце ёсць шанец не зганьбіцца?

ЭЗ: Тэарэтычна, так. Як і згуляць кепска. Хаця што такое «кепска»? Некалі для нас трапіць у «васьмёрку» было кепска. Цяпер жа дзясятае месца — гэта ўжо «добра».

«НН»: Кажуць, што вялікія грошы сапсавалі нашых хакеістаў.

ЭЗ: Паверце, швейцарцы, што гуляюць у нацыянальным першынстве, атрымліваюць не менш. Я не думаю, што мы станем гуляць лепш, калі зменшым заробкі. Тут праблема не ў сумах, а наколькі правільна яны выкарыстоўваюцца.

«НН»: Трэнера Скабелку трэба пакідаць ці зноў мяняць?

ЭЗ: (Смяецца). Я лічу, што ўсё залежыць ад дамоўленасцяў, на колькі гадоў было вырашана супрацоўнічаць, пры якіх выніках працягваць кантракт. Не толькі трэнер нясе адказнасць за вынік, але і людзі, якія запрашалі яго на працу.

***

Эдуард Занкавец

нарадзіўся ў 1969 у Мінску. Гуляў у мінскім «Дынама», омскім «Авангардзе», першынствах Германіі, Даніі, Фінляндыі, ніжэйшых лігах Паўночнай Амерыкі. Дапамагаў Глену Хэнлану ў нацыянальнай зборнай. Ад 2010 да 2011 — галоўны трэнер зборнай Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?