Беларусь атрымае ад Італіі крэдыт у суме 210 млн. еўра. Аб дасягненні дамоўленасцей па атрыманню такога крэдыту заявіў сёння прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Італьянскай Рэспублікі ў Беларусі Гульельма Ардыцоне. Сустрэча праходзіла ў сувязі з завяршэннем тэрміну дыпламатычнай дзейнасці італьянскага пасла ў Беларусі.

Кіраўнік урада падкрэсліў, што ў Беларусі задаволены актыўным супрацоўніцтвам з італьянскімі банкамі, і ў гэтым вялікая заслуга пасла Гульельма Ардыцоне. Сяргей Сідорскі нагадаў, што Беларусь ужо карыстаецца крэдытам італьянскага банка «УніКрэдыт» у аб’ёме 70 млн. еўра, за кошт якога рэалізуецца шэраг буйных праектаў. Прэм’ер таксама адзначыў вялікую падтрымку пасла ў атрыманні сіндыкаванага крэдыту для Беларусі ад Аграбанка ў аб’ёме 20 млн. еўра. Паводле яго слоў, «усё гэта ўсяляе ўпэўненасць у тым, што мы знаходзімся на правільным шляху».

Сяргей Сідорскі таксама выказаў удзячнасць за тое, што Італія прымае «ўзважаныя палітычныя рашэнні па Беларусі на міжнароднай арэне». Кіраўнік беларускага ўрада лічыць, што двухбаковыя кантакты будуць умацоўвацца. Гэтаму будзе садзейнічаць маючы адбыцца візіт мэра Мілана ў Беларусь, які запланаваны на верасень бягучага года.

Прэм’ер‑міністр выказаў задавальненне тэмпамі гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва. Так, па выніках мінулага года тавараабарот паміж Беларуссю і Італіяй павялічыўся на 30 працэнтаў. Італія займае 7‑е месца сярод краін Еўрасаюза, з якімі гандлюе Беларусь. У рэспубліцы дзейнічаюць 78 сумесных і замежных прадпрыемстваў з італьянскім капіталам. Разам з тым, адзначыў Сяргей Сідорскі, гэта менш, чым з Германіяй (260 прадпрыемстваў) і ЗША (больш як 400 прадпрыемстваў). «Нам ёсць над чым працаваць, каб больш актыўна задзейнічаць гэты патэнцыял», — падкрэсліў прэм’ер. Ён таксама адзначыў значнасць развіцця культурных і дзелавых сувязей паміж Беларуссю і Італіяй.

Пасол Італіі Гульельма Ардыцоне адзначыў, што імкнуўся падтрымліваць усе эканамічныя пачынанні паміж Беларуссю і Італіяй. Ён лічыць, што Італія можа больш інвесціраваць у эканоміку Беларусі, у прыватнасці, праз стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Італьянскія прадпрымальнікі выказваюць цікавасць да развіцця ў Беларусі энергетыкі і энергазберагальных тэхналогій. «Мы гатовы абмеркаваць, як дзейнічаць разам у гэтым напрамку», — падкрэсліў пасол. Ён таксама назваў перспектыўнымі сумесныя праекты ў галіне мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, тэлекамунікацый, лёгкай прамысловасці.

У 2006 годзе ў эканоміку Беларусі прыцягнута $21,3 млн. італьянскіх інвестыцый

Тавараабарот паміж Беларуссю і Італіяй за студзень — чэрвень 2007 года склаў $392 млн. (рост на 30,9 працэнта). Экспарт павялічыўся на 3,5 працэнта і дасягнуў $99,6 млн. Імпарт склаў $292,5 млн., павялічыўшыся на 43,9 працэнта. Сальда для Беларусі склалася адмоўнае ў памеры $192,9 млн. У структуры беларускага экспарту найбольшую ўдзельную вагу займаюць металапрадукцыя, шкловалакно, скура, гатовае адзенне, асвятляльнае абсталяванне. За апошні час на італьянскі рынак экспартавана шмат новых відаў сінтэтычных ніцей, піламатэрыялаў, калійных угнаенняў, пражы. У аснове паставак з Італіі — станкі і абсталяванне, скура, тканіны, ніці і пража для вытворчасці экспартаарыентаванай гатовай прадукцыі, а таксама хімічныя рэчывы і матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца айчыннай прамысловасцю, але не выпускаюцца ў Беларусі. Імпартуюцца таксама лекавыя прэпараты і медтэхніка. У 2006 годзе ў эканоміку Беларусі прыцягнута $21,3 млн. італьянскіх інвестыцый, што на 27 працэнтаў больш, чым у 2005 годзе. У першым паўгоддзі 2007 года ў Беларусь прыцягнута $11,1 млн. італьянскіх інвестыцый.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0