Зусім нядаўна мяне выклікалі ў гарадзенскае ўпраўленне КГБ. Размова ішла пра маю публіцыстычную дзейнасць, а канкрэтна — якраз пра артыкулы вашага пакорлівага слугі і сціплага рупліўца клавіятуры (раней казалі — пяра) у беластоцкай газеце «Ніва».
Спярша мяне агарнула прафесійная гордасць — значыць нешта вартае пішу, калі маю такіх пільных і уважлівых «чытачоў». Потым, схамянуўшыся, я прызямліў свой новы сумнеўны гонар — кім жа ім яшчэ займацца, калі на ўвесь трохсоттысячны горад над Нёманам засталося толькі чатыры публіцысты — два беларускія і два польскія, адзін з якіх ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і сядзеў у турме, а іншыя пераследаваліся пакуль у больш мяккіх формах. Гэта раней ў Гародні былі газеты «Пагоня» і «Биржа информации», незалежнае радыё…
У «высокім» ведамстве мне сказалі, што многія мае артыкулы могуць падпадаць пад крымінальны артыкул аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Але калі журналіст піша пра тое, што затрыманага і нявіннага чалавека збіваюць міліцыянты ў пастарунку-то гэта дыскрэдытацыя дзяржавы?
Дык хто яе дыскрэдытуе? Правядзіце расследаванне па гарачых слядах, зрабіце праверку па такім сігнале. Калі журналіст піша, што ў Гародні кепска ходзіць грамадскі транспарт-то гэта дыскрэдытацыя дзяржавы? То вылезьце з службовых аўто — і дзень-два паездзіце нашымі маршрутнымі аўтобусамі, самы пераканаецеся. Ці калі журналіст піша, што ў школах Гародні не засталося аніводнага паўнавартаснага беларускамоўнага класа-то гэта няпраўда?! І што ў 1995-ым было зусім не так — у палове гарадзенскіх школаў былі беларускамоўныя класы! Ці калі галоўны кіраўнік вобласці публічна (!) заяўляе, што паводле яго асабістага загаду быў звольнены выкладчык універсітэту (!!!), а журналісты пра гэта пішуць-то хто дыскрэдытуе дзяржаву — высокі начальнік ці журналісты?!
А тут ужо ня толькі «дыскрэдытацыя дзяржавы», але і іншы артыкул Крымінальнага кодэксу! То мы жывем паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, ці паводле старажытнага выслоўя «Quod licet Jovi, поп licet bovi» — «Што дазволена Юпітэру…»?
Ці калі журналісты пішуць, як нейкія вандалы ў Дзятлаўскім раёне разбурылі ўнікальны будынак млына на рэчцы Моўчадзь, тым самым пазбавіўшы рэгіён цікавага турыстычнага аб’екту, які мог бы прынесці дзяржаве дзесяткі тысяч даляраў. Дык хто ж дыскрэдытуе РБ — журналіст, які пра гэта піша, ці мясцовы начальнічак, які аддаў такі дзікі загад?!
Няма сумневу, што з журналістамі цяперашняя сістэма можа хутка «разабрацца» — кожнага «пісьменніка» можна пасадзіць на пару гадоў за краты, выпхнуць з краіны за мяжу альбо «нейтралізаваць» іншымі, больш жорсткімі спосабамі.
Досвед такой працы ў іх гістарычны і вельмі вялікі. Толькі што з таго і што пасля? Гарадскія аўтобусы ад гэтага лепш курсаваць не стануць, ровень адукацыі ў мясцовым універсітэце не падвысіцца, замежныя турысты з валютай у краіну не паваляць валам, а грамадзяне не пабагацеюць і ўладу больш любіць ня будуць таксама. І кім урэшце яны будуць займацца пасля? Новыя «дела врачей», пераслед якіх-небудзь генетыкаў, дырэктараў прадпрыемстваў, ці іншых «вредителей».
Але калі «ворагі народу» скончацца і там, тады непазбежна прыходзіць пара «чысткі» уласных радоў. Па-іншаму не было, не бывае і ня будзе.
Для тых, хто кепска памятае гісторыю, нагадаю, што кіраўнікі «ўсемагутных» ведамстваў СССР — Яжоў, Берыя, Вышынскі і многія іншыя скончылі свой жыццёвы шлях вельмі сумна. Не кажучы ўжо пра дзесяткі тысяч шараговых супрацоўнікаў «чэка», «эмгэбэ», «энкавэдэ», якія выбраўшы прафесіяй і працай пераслед іншых, самы сталіся ахвярамі чалавеканенавісніцкай сістэмы.
Уладзе трэба зразумець, што нельга бясконца закручваць гайкі на крышцы катла з парай, інакш выбух такога «катла» непазбежны. Уладзе трэба зразумець, што журналісты — гэта не афіцыянты (барані Бог, не хачу тут пакрыўдзіць прадстаўнікоў гэтай патрэбнай людзям прафесіі) з нататнікам і фразай «Чего изволите?».
Журналіст мусіць быць у апазіцыі да кожнай улады, ён мусіць яе крытыкаваць, выяўляць заганы ў грамадстве, уздымаць актуальныя праблемы. Гэта яго пакліканне, гэта яго місія. Ён можа, канешне, недзе памыліцца ці «перагнуць палку» Але крытыкай і праўдай нельга дыскрэдытаваць дзяржаву. Яе дыскрэдытуюць зусім іншым.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?