Зборная Швейцарыі – галоўная сенсацыя гэтага першынства свету па хакеі. У групе гэтая альпійская дружына атрымала 7 перамог з 7 магчымых.
Кажуць, што сапраўдныя гульні пачынаюцца ў плэй-оф. Але швейцарцы прадэманстравалі сваю сілу і ў чвэрцьфінале. Супернікамі былі чэхі, хай на гэтым чэмпіянаце не вельмі пераканаўчыя, але ўсё адно – гэта ж чэхі.
У першым перыядзе адзначыўся Холенштайн, у другім – Ёсі. Швейцарцы мелі невялікую перавагу. Плюс у браме геройстваваў Герберт.
Усё ж Кудлак адну з шайб адыграў. Потым чэхі здымалі варатара, мелі цудоўныя моманты, аднак Герберта так і не перайгралі – 2:1.Швейцарыя ў паўфінале згуляе з ЗША. Трэніруе швейцарцаў Шон Сімпсан, які некалі дапамагаў Глену Хэнлану ў зборнай Беларусі.
Сёння яшчэ два чвэрцьфіналы: Фінляндыя – Славакія, Канада – Швецыя.