Трагедыя здарылася ў 56-м Тыльзіцкім асобным палку сувязі ва Уруччы, паведамляе tut.by.

Па словах салдат, якія знаходзіліся ў гэты час у Галоўным ваенным клінічным шпіталі, хлопца даставілі сюды на машыне хуткай дапамогі некалькі тыдняў таму. Малады чалавек быў увесь у мазуце і памёр акурат у дзень дэмабілізацыі.

Па словах нашага чытача з Мінска, хлопец служыў у 56-м Тыльзіцкім асобным палку сувязі ва Уруччы. У той дзень ён пакрываў бітумам пажарную бочку: «Хтосьці кажа, што ён варыў бочку знутры, закладаў дзірку. Пры гэтым нібыта яна была зачынена. А ён надыхаўся шкоднымі дамешкамі і атруціўся. Вайскоўцы сцвярджаюць, што на гэта заданне загінулага ніхто не адпраўляў. Маўляў, гэта была яго ініцыятыва — адправіўся прыводзіць пажарную машыну ў парадак перад дэмбелем. Лёс, ён памёр менавіта ў гэты дзень… Дарэчы, хлапчук, здаецца, са Светлагорска».

Інфармацыю аб трагічнай гібелі салдата пацвердзіла і прэс-служба Міністэрства абароны.
«30 красавіка пры выкананні работ па тэхнічным абслугоўванні супрацьпажарнай ёмістасці страціў прытомнасць і быў дастаўлены ў 432-і Галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных Сіл вайсковец трэцяга перыяду тэрміновай ваеннай службы. Медыцынскімі спецыялістамі на працягу 15 дзён праводзіўся ўвесь комплекс рэанімацыйных мерапрыемстваў, аднак жыццё вайскоўца выратаваць не ўдалося», — гаворыцца ў сённяшнім паведамленні прэс-службы.

Следчым камітэтам па горадзе Мінску па гэтым факце распачатая крымінальная справа.

Міністэрства абароны выказвае спачуванні родным і блізкім памерлага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?