16 мая 2011 года за Плошчу былі асуджаныя Ірына Халіп (2 гады абмежавання волі з адтэрміноўкай на такі ж тэрмін), Сяргей Марцалеў (2 гады ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на такі ж тэрмін). Праз чатыры дні Сяргей Вазняк, Андрэй Дзмітрыеў, Віталь Рымашэўскі, Аляксандр Фядута атрымалі па 2 гады ўмоўна, Уладзімір Някляеў — 2 гады зняволення з адтэрміноўкай на 2 гады, Наста Дашкевіч (Палажанка) — 1 год ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на год.

Палажанка адбыла тэрмін яшчэ летась. Але да сёння ў яе застаецца судзімасць. Астатнія толькі рыхтуюцца пазбавіцца накладзеных на іх абмежаванняў.

Халіп і Някляева чакаюць новыя суды. Юрыст Павел Сапелка лічыць, што пры адсутнасці парушэнняў падчас адтэрміноўкі наўрад ці будзе пакаранне прыведзена ў выкананне. Але ў любым выпадку павінна быць рашэнне суда. Новыя працэсы павінны адбыцца не пазней за даты касацыйных скаргаў: у Халіп гэта 20 ліпеня, Някляева — 22-га.

«Ніхто не кажа, калі суд: відаць, не лічаць неабходным», — адзначыў Уладзімір Някляеў.

Што тычыцца асуджаных умоўна без адтэрміноўкі, новыя суды ў іх магчымыя, але не абавязковыя. Па словах Андрэя Дзмітрыева, гэта будзе вырашаць інспекцыя па наглядзе: калі ў іх будуць патынні, то могуць настойваць на новым судзе.

У выпадку Сяргея Марцалева 20 ліпеня з яго павінны зняць абмежаванні: паколькі за выпрабавальны тэрмін пакаранне не было выканана. Але застанецца судзімасць. Па словах Сяргея, для яго важнейшая не судзімасць, а тое, што зможа наведаць сяброў за мяжой, чаго быў пазбаўлены ўвесь гэты час.

«Калі раней дастаткова было любовага адміністрацыйнага спагнання, каб адправіцца за краты, то з ліпеня такой пагрозы не будзе».

Сёлета на свабоду пасля заканчэння тэрмінаў зняволення павінны выйсці Зміцер Дашкевіч (у жніўні), Аляксандр Францкевіч (у верасні), Павел Севярынец (у кастрычніку). У мінулым, аднак, тэрмін зняволення Дашкевіча быў падоўжаны. Ніхто не можа гарантаваць, што тое самае не здарыцца яшчэ раз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?