На праблему мовы, як і іншыя праблемы жыцця, трэба глядзець з пункту гледжання раскруткі, прасоўвання, тэхналогіяў.
Патлумачу. Калі нехта пачаў выдаваць газету, а яе ніхто не ведае, то ёсць пэўная тэхналогія яе раскруткі. Сталыя газетчыкі гэта ведаюць. Тое ж — з сайтамі. Трэба так ставіцца і да прасоўвання беларускай мовы. На тое ёсць свае тэхналогіі.

Дапусцім, ёсць тры ахвотныя размаўляць па-беларуску. Размаўляйце. Потым у вашую кампанію трапляе чацьвёрты, але рускамоўны. З цягам часу і ён становіцца беларускамоўным. Так — з пятым, шостым… пятнадцатым.

Запішыцеся куды-небудзь у вандроўку (напрыклад да Астаповіча), і вы пабачыце, што беларускамоўных цэлы аўтобус. Нас так шмат!

У нас, напрыклад, у Глыбокім тут цэлая супольнасць. Ладзяцца сустрэчы з пісьменнікамі, розныя прэзентацыі, нават паездкі на прыроду з шашлыкамі (праўда, гэта робяць маладзейшыя за мяне), ставяцца намёты, узнімаецца над «лагерам» б-ч-б сцяг.
А то й замовілі аўтобус, ды ўсім кагалам ў Навагарадак на рыцарскі фэст. Быў такі выпадак гадоў 7 таму.

Археолаг Людміла Дучыц з Акадэміі навук папрасіла мяне сустрэць групу вандроўнікаў і завезці іх цэнтр у Еўропы (возера Шо, Глыбоцкі р-н).

Прыехала група менчукаў на сваім уласным мікрааўтобусе з дзецьмі, чалавек пад 20, усе спрэч беларускамоўныя, нават вадзіла! Спяваюць беларускія песні, выдатна ведаюць гісторыю… Вы не паверыце! Гэта была іхняя 88-я супольная вандроўка па Беларусі.
Беларускамоўныя ўсёй краіны, яднайцеся!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?