Кадр з камеры назірання.
Актывісты грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) устанавілі ў Брэсце камеру ў гняздзе рэдкай для Беларусі птушкі — пустальгі.Анлайн-трансляцыю з гнязда можна назіраць на сайце birdwatch.by.
Як паведамляюць у АПБ, падчас трансляцыі любы ахвотны зможа пазнаёміцца з жыццём дзікіх птушак — убачыць працэс з’яўлення птушанят, іх першыя дні жыцця і першыя палёты. Летась, паводле звестак арганізацыі, трансляцыю з гнязда пустальгі прагледзелі карыстальнікі з 106 краін.
Пустальга — рэдкі для Беларусі від драпежных птушак, занесены ў Чырвоную кнігу. Яны гняздуюцца, як правіла, у дзікай прыродзе, але ў апошнія дзесяцігоддзі вучоныя адзначаюць павелічэнне колькасці птушак, якія гняздуюцца ў гарадах, асабліва ў заходняй частцы краіны. Найбольшая колькасць пустальгі адзначана ў Брэсце (больш чым 50 пар) і Гродне (больш чым 25 пар). Харчуецца гэтая птушка дробнымі грызунамі, насякомымі і невялікімі птушкамі, палюе на адкрытых тэрыторыях, нават у гарадах.