З гэтага панядзелка талон на аўтобус і тралейбус каштуе 1 700 рублёў (раней — 1400). Квіток у кіроўцы будзе каштаваць 1 900 рублёў супраць яшчэ учорашніх 1 600. Праезд у маршрутным таксі падаражэў на тысячу і цяпер складае 5000 рублёў.
Паводле слоў в.а. дырэктара КТУП «Брэстгартранс» Алега Ігнатчука, гэтае павышэнне абумоўлена шэрагам фактараў:
«Гэта яшчэ раней трэба было рабіць. Акупнасць перавозак сёлета знізілася амаль на 10% у параўнанні з мінулым годам. Шмат выдаткаў: энергарэсурсы, паліва, неабходнасць павышэння заробку кіроўцам».
Кіраўнік галоўнага транспартнага прадпрыемства горада таксама адзначае, што гэты рост тарыфу недастатковы для акупнасці.
З пачатку года гэта першае падаражанне платы за праезд у грамадскім транспарце. У 2012 годзе праезд даражэў двойчы.