Такія лісты, падпісаныя старшынёю Стаўбцоўскага райвыканкама Уладзімірам Місько, атрымалі кіраўнікі раённых прадпрыемстваў.

Такія лісты, падпісаныя старшынёю Стаўбцоўскага райвыканкама Уладзімірам Місько, атрымалі кіраўнікі раённых прадпрыемстваў.

Месяц таму адбыўся рэспубліканскі суботнік, прысвечаны году беражлівасці. На ім Луканэнка заліваў цэмент на будучай Плошчы дзяржаўнага сцяга. Аднак суботнікаў многа не бывае, таму райвыканкам Стаўбцоўскага раёна вырашыў правесці падобнае мерапрыемства ў сваім раёне 18 мая.

У распараджэнні «Нашай Нівы» аказаўся дакумент «Аб правядзенні раённага суботніка», падпісаны старшынёй Стаўбцоўскага райвыканкама Уладзімірам Місько. У ім гаворыцца, што «суботнік будзе праводзіцца на працоўных месцах ці на добраўпарадкаванні населеных пунктаў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і вайсковай славы, пахаванняў, а таксама падрыхтоўцы аздараўляльных летнікаў да летняга сезону».

Таксама ліст паведамляе нумар разліковага рахунку, куды мусяць быць пералічаныя грашовыя сродкі ў памеры аднадзённага заробку разам з прэміяй. Паводле дакумента, усе грашовыя сродкі пойдуць на парадкаванне горада Стоўбцы.

Ліст мае загадны лад — у ім паведамляецца, што «кіраўнікам арганізацый раёна пад асабістую адказнасць неабходна арганізаваць работу працоўнага калектыва на замацаваных тэрыторыях і правесці інструктаж па тэхніцы бяспекі».

У лісце за подпісам Місько няма ні слова пра добраахвотнасць удзелу ў суботніках і аб прынцыпе добраахвотнага пералічэння грошай, заробленых падчас суботніка супрацоўнікамі арганізацый. Хоць гэта, здавалася б, натуральна. Цікавы таксама той факт, што 18 мая беларусы адпрацоўвалі за 10 мая.

«Працоўныя калектывы арганізацый усіх формаў уласнасці выйшлі на раённы суботнік. Яны працуюць на рабочых месцах, занятыя на работах па добраўпарадкаванні вуліц і тэрыторый у горадзе і сельскіх населеных пунктах, па падрыхтоўцы аздараўленчых дзіцячых лагераў да летняга сезона» — менавіта так асвятляўся раённы суботнік на сайце Стаўбцоўскага райвыканкама.

«Ніякай прынудзілаўкі»

На жаль, Уладзіміра Місько быў у ад’ездзе. Аднак яго намеснік Аляксандр Цывака адказаў на пытанні.

«НН»: Колькі арганізацый узялі ўдзел у раённым суботніку і чаму яго прызначылі на працоўную суботу?

Аляксандр Цывака: Усе арганізацыі раёна. Але ён праходзіў не на працоўных месцах, а на аб’ектах. Што тычыцца працоўнай суботы — дык калі яго праводзіць? Не ў нядзелю ж.

«НН»: Аднак у дакуменце за подпісам Уладзіміра Місько значыцца, што суботнік праходзіў і на працоўных месцах.

АЦ: Так, так, і на працоўных.

«НН»: Як гарантавалася добраахвотнасць удзелу ў суботніку і пералічэння аднадзённых заробкаў на рахунак? Бо па лісце, які пераслалі ў нашу рэдакцыю, не падобна, што ён носіць рэкамендацыйны характар.

АЦ: Нам цяжка паразумецца, бо я не ведаю, пра які дакумент вы кажаце, я пра яго не ведаю. У нас ёсць рашэнне райвыканкама № 662, і яно іменна рэкамендуе кіраўнікам арганізацый узяць удзел у суботніку. І калі ўзяць пункт № 5 гэтага рашэння, там напісана, што супрацоўнікам рэкамендуецца пералічыць свае заробкі ў памеры, які яны вызначаюць самі. Таму ніхто нікога не прымушаў, няма ніякай прынудзілаўкі.

А гэтыя грошы пайшлі на закуп пліткі для тратуараў і бардзюраў. Працы па яе ўкладцы аплочвае райвыканкам. У нас усё празрыста, пра расходы заўсёды ў мясцовай газеце пішам. Вы лепш самі прыязджайце да нас у горад — мы вам усё пакажам, дзе і што было зроблена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?