«Самнамбула», Марк Шагал.
«Гадзіннік на палаючым небе», Марк Шагал.
«Зялёны пейзаж», Марк Шагал.
«Ева», Хаім Суцін.
Удала склаліся нядаўнія таргі сучаснага мастацтва на нью-ёркскім аўкцыёне Sothbey’s для Белгазпрамбанка, які набыў чатыры каштоўных лота, паведамляе tut.by. Мастацкую калекцыю банка ў бліжэйшы час папоўняць карціны Марка Шагала і Хаіма Суціна, створаныя ў перыяд росквіту гэтых мастакоў.
Праца «Le somnambule» («Самнамбула») Марка Шагала датавана 1911—1912 гг. Яна выкананая гуашшу і алоўкам на паперы. Малады мастак у гэты час скончыў вучобу ў Віцебску ў Юдэля Пэна, пазнаёміўся са сваёй музай Бэлай, пераехаў у Парыж і жыў у легендарным парыжскім «Вуллі». Гэта быў рамантычны і непаўторны час яшчэ да двух сусветных войнаў і задоўга да сусветнай славы, якая абрынулася на нашага суайчынніка. Карціна была набыта за $341000, паведамляе афіцыйны сайт аўкцыённага дома Sothbey’s.
Іншыя карціны Шагала «Pendule au ciel embrase» («Гадзіннік на палаючым небе») і «Paysage vert» («Зялёны пейзаж») створаны ў канцы 40-х гг. У гэты час майстар, які ўжо атрымаў сусветнае прызнанне, на некалькі гадоў вярнуўся ў Францыю з ЗША. За «Гадзіннік на палаючым небе» беларускаму банку прыйшлося выкласці $605000, за «Зялёны пейзаж» — $137000.
Нарэшце, знаўцы мастацтва ў бліжэйшы час змогуць ацаніць працу Хаіма Суціна «Eva» («Ева») 1928 — гэта залаты перыяд творчасці мастака. У гэты час ужо адбылася першая персанальная выстава Суціна ў адной з парыжскіх галерэй і ён пазнаёміўся з Марсэленам і Мадлен Кастэн, якія ў наступныя гады возьмуць апеку над ім. «Ева» абышлася Белгазпрамбанку ў $1,8 млн.
Нагадаем, да 2012 года на радзіме Суціна ў Беларусі не было ніводнай яго карціны. Карціна «Вялікія лугі ў Шартр» (як мяркуецца, 1934) была набыта Белгазпрамбанкам 8 лютага 2012 г. на аўкцыёне Christie’s. Яна стала сапраўдным упрыгожаннем унікальнага арт-праекта «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі. З калекцыі Белгазпрамбанка, музейных і прыватных зборах». Дарэчы, нядаўна з калекцыяй пазнаёміўся кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер.
Варта таксама адзначыць, што ў маі палатно Хаіма Суціна «Маленькі кандытар» усталявала сусветны рэкорд. Яно было прададзена на таргах аўкцыённага дома Christie’s у Нью-Ёрку за $18 млн. Ацэначны кошт карціны, напісанай каля 1927, складаў $16–22 млн. Карціна Шагала «Тры акрабата» пайшла з малатка на Christie’s за $13 млн.
Tut.by
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ